Дзень беларускага пісьменства у бібліятэках ДУК «Пінская гарадская ЦБС»

Дзень беларускага пісьменства адзначаецца традыцыйна ў першую нядзелю верасня. Канцэпцыя свята прадугледжвае паказ адзінства беларускага друкаванага слова з гісторыяй і культурай беларускага народа, адлюстраванне гістарычнага шляху пісьменства і друку ў Беларусі.

На рэспубліканскім узроўні, пачынаючы з 1994 года, свята праводзіцца ў гарадах, якія з’яўляюцца гістарычнымі цэнтрамі культуры, асветы і кнігадрукавання краіны. У 2025 годзе ХХХII Дзень беларускага пісьменства пройдзе 6 і 7 верасня ў горадзе Ліда Гродзенскай вобласці.

Сярод галоўных тэм, якім будзе прысвечана свята: 80-я гадавіна Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне; 500-годдзе з моманту выдання першай кнігі на беларускай зямлі – «Апостала» Францішка Скарыны; Рэспубліканскі Год добраўпарадкавання.

Да Дня беларускага пісьменства ў бібліятэках ДУК «Пінская гарадская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма» пройдуць разнастайныя пазнавальныя сустрэчы, накіранаваныя на папулярызацыю нацыянальных культурных традыцый і падтрымку беларускай літаратуры.

Гарадская цэнтральная бібліятэка для жыхароў горада правядзе Дзень інфармацыі «Жыве ў вяках беларускае слова». У чытальнай зале будзе аформлена выстава-абзор «На кніжных прасторах любай Беларусі».

У філіяле «Гарадская дзіцячая бібліятэка імя Якуба Коласа» падрыхтавана кніжная экспазіцыя «І вечным застанецца слова».

Таксама ў гарадскіх бібліятэках будуць арганізаваны разнастайныя кніжна-ілюстраваныя выставы, прысвечаныя Дню беларускага пісьменства, каля якіх пройдуць тэматычныя гутаркі і агляды літаратуры.

Share Button
Яндекс.Метрика