VI міжрэгіянальная навукова-практычная канферэнцыя «Колас і час: голас народнага паэта»

2 кастрычніка ў філіяле «Гарадская дзіцячая бібліятэка імя Я. Коласа» прайшла VI міжрэгіянальная навукова-практычная канферэнцыя «Колас і час: голас народнага паэта». Мерапрыемства сабрала навукоўцаў, даследчыкаў, літаратуразнаўцаў, музейных работнікаў і бібліятэкараў, каб абмеркаваць спадчыну Якуба Коласа.

Адкрываючы канферэнцыю, дырэктар ДУК «Пінская гарадская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма» Д. А. Лагадзіч адзначыла, што творчасць паэта застаецца жывым сведчаннем эпохі, а яго словы гучаць актуальна і сёння.

Першая панэльная дыскусія была прысвечана жыццю і творчасці Якуба Коласа на старонках Беларускага гістарычнага часопіса. Наталля Матусевіч, намеснік галоўнага рэдактара, расказала, што публікацыі пра паэта займаюць значнае месца ў выданні, бо Колас быў не толькі класікам літаратуры, але і сведкам эпохі, чые творы адлюстроўваюць гістарычныя падзеі.

Далей Вера Міцкевіч, унучка Коласа, расказала пра архіўныя матэрыялы аб творчасці паэта. Удзельнікі канферэнцыі атрымалі магчымасць убачыць унікальныя матэрыялы, што дапаўняюць афіцыйныя біяграфічныя дадзеныя.

Супрацоўніца Установы «Літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа» Алена Жасткова засяродзіла ўвагу на малавядомым аспекце жыцця і творчасці класіка — яго штодзённых фінансавых практыках. Яна адзначыла, што Колас, як і многія пісьменнікі той эпохі, жыў ва ўмовах пастаяннай эканамічнай нестабільнасці, што адбівалася на яго лістах і запісах.

Навукоўцы Інстытута літаратуразнаўства імя Янкі Купалы НАН Беларусі выступілі анлайн з цыклам дакладаў, прысвечаных творчасці Якуба Коласа.

Спецыяліст Народнага літаратурна-краязнаўчага музея Якуба Коласа Жанна Верыч распавяла аб музеі ў в. Пінкавічы, які стаў сапраўдным асяродкам захавання памяці паэта на гэтай зямлі.

Загадчык філіяла «Гарадская дзіцячая бібліятэка імя Якуба Коласа» Ірына Вакуліч прадставіла шэдэўбокс «Новая зямля», створаны на аснове аднайменнай паэмы Якуба Коласа. Презентацыя выклікала цікавасць, бо такі падыход робіць класічную літаратуру бліжэйшай і зразумелай для сучаснай аўдыторыі, пераўтвараючы тэкст у жывы культурны дыялог. Канферэнцыя, прысвечаная творчасці Якуба Коласа, ператварылася ў сапраўднае свята слова і музыкі. Гучалі песні ў выкананні Віктара Мяцельскага, ансамбля народнай песні “Кветачкі” ДУА “Пінская дзіцячая школа мастацтваў”. Адметным момантам стала сцэнічная пастаноўка ўрыўка з паэмы “Новая зямля” ўдзельнікамі аб’яднання па інтарэсах юных экскурсаводаў “ГіД” ДУА “Цэнтр творчасці дзяцей і моладзі” Пінскага раёна.

Мерапрыемства паказала, што голас народнага паэта не страціў сілы і працягвае натхняць новыя пакаленні.

Яндекс.Метрика