Віртуальная выстава “Падарожжа з кнігай беларускай”

Дзень беларускага пісьменства – адно з найважнейшых культурных падзей краіны, свята, якое ўжо стала добрай традыцыяй і штогод збірае аматараў кнігі, пісьменнікаў і ўсіх, хто шануе беларускае слова. Год беларускай жанчыны стаў адной з асноўных тэм XXXIII Дня беларускага пісьменства. З гэтай нагоды бібліятэка-філіял №7 падрыхтавала віртуальную выставу “Падарожжа з кнігай беларускай”.

Да  ўвагі чытачоў прадстаўлены навінкі жаночай беларускай паэзіі і прозы –гэта смелыя, шчырыя творы пра самыя важныя рэчы і з’явы ў жыцці.

Запрашаем усіх прыхільнікаў беларускай літаратуры ў бібліятэку-філіял №7.

Наш адрас: г. Пінск, вул.Першамайская, 140 (3 паверх)

Басікірская, А. У. Мая зямля – яна мая да скону : вершы і паэма / Алена Басікірская. — Мінск : Звязда, 2023. — 143 с.

У паэтычны зборнік Алены Басікірскай увайшлі вершы, прысвечаныя роднай краіне і яе слаўнаму мінуламу, мілагучнай беларускай мове. Таксама ў кнігу ўключаны пераклады на беларускую мову твораў А.Пушкіна,               М. Лермантава, С. Ясеніна, А. Хаяма і іншых класікаў і паэма, якая друкуецца ўпершыню.

Беланожка, А. М. Дзіця зямлі : фантастычныя апавяданні / Алёна Беланожка. — Мінск : Звязда, 2023. — 205, [2] c.

У кнігу ўвайшлі апавяданні, створаныя ў жанрах рамантычнай фантастыкі, фэнтэзі і антыўтопіі. На старонках твораў узнімаюцца філасофскія, маральныя, гуманістычныя пытанні. Аўтар разважае на тэмы кахання і адзіноты чалавека ў Сусвеце, навуковай этыкі і тэхнічнага прагрэсу, малюе магчымыя шляхі развіцця грамадства.

Дудзюк, З. І. Дом для адзінай : раман / Зінаіда Дудзюк. — Мінск : Чатыры чвэрці, 2025. — 259 с. — (Серыя “Сучасная проза”)

Раман  “Дом для адзінай” – пра каханне і нянавісць, пра веру і здраду, пра барацьбу дабра са злом, пра здольнасць чалавека ратавацца ў самых невыносных  умовах…

Кебіч, Л. А. Неба ў дыяментах : апавяданні і аповесць / Людміла Кебіч ; [мастак Д. С. Камейша]. — Мінск : Звязда, 2024. — 156, [2] с.

У кнізе прозы Людмілы Кебіч “Неба ў дыяментах” паказана духоўнае жыццё, свет пачуццяў і ўяўленняў аўтара, усё, што хвалюе, радуе, дае асалоду, заспакойвае, турбуе, выклікае смутак, – адным словам, усё, што з’яўляецца зместам жыцця. Тэматычна ўсе творы розныя. Гэта і рэальныя гісторыі і прыгоды, і глыбокія расчараванні, і роздумы пра з’явы жыцця, і няспраўджаныя  мары пра сапраўднае каханне.

Кляўко, В. І. Вырай : вясковы раман / Вікторыя Кляўко ; пераклад з рускай Аляксандры Гарбуновай ; мастак Сяргей Піліповіч.  —  Мінск : Мастацкая літаратура,  2025.  —  303 с.

Гэта гісторыя пра вяртанне дадому, да сваіх родных, да сябе. Галоўная гераіня Марыя Журавель пакідае Беларусь у пошуках лепшага месца для жыцця – свайго зямнога раю. Яна выракаецца ўсяго, што яе звязвала з родным краем. Але аднойчы яна вымушаная вярнуцца, каб правесці ў апошні шлях маці. Дома Марыя пераасэнсоўвае сваё мінулае, ад якога так імкнулася адмовіцца і ўцячы ў іншую краіну, і робіць лёсавызначальны выбар.

Корнева, П. Д. Запіскі юнай хірургіні : апавяданні  /  Паліна Корнева.  —  Мінск : Звязда,  2025. — 181, [2] с.

“Запіскі юнай хірургіні” – кніга маладой аўтаркі і будучага доктара. Змешчаныя ў зборніку апавяданні шчыра раскрываюць медыцынскі свет з некалькіх ракурсаў: як вачамі простага чалавека, так і дзяўчыны,  што выбрала для сябе адну з самых складаных прафесій.

Лось, Е. Я. Яснавокія мальвы : вершы, паэма / Еўдакія Лось ; [укладальнік А. Бадак].  —  Мінск : Мастацкая літаратура, 2024.  —  126 с.  —  (Новая бібліятэка беларускай паэзіі)

Кнігу “Яснавокія мальвы” склалі выбраныя вершы і паэма “З белых пялёсткаў” з літаратурнай спадчыны Еўдакіі Лось.

Міус, Ж. В. Душа жывога : аповесці, апавяданні  /  Жанна Міус ; [мастак К. А. Задворны].  —  Мінск : Звязда, 2025.  —  157,  [2]  с.

Гэта зборнік аповесцей і апавяданняў пра шчырыя ўзаемаадносіны людзей і жывёл. Творы вучаць дабрыні, спачуванню і адказнасці за братоў нашых меншых, даследуючы эмацыйны свет прыроды праз чысціню чалавечага сэрца.

Рублеўская, Л. І. Авантуры Пранціша Вырвіча, маршалка Менскага : раман прыгодніцкі і фантасмагарычны / Людміла Рублеўская ; [мастак: А. М. Зяновіч].  —  Мінск : Звязда, 2023.  — 365, [1] с.. — (Святло мінуўшчыны)

  Завяршальны, сёмы, раман авантурнай сагі Людмілы Рублеўскай пра прыгоды шляхціца Пранціша Вырвіча і яго вучонага сябра Баўтрамея Лёдніка зноў перанясе вас у захапляльны свет ХVIII стагоддзя. Нялёгка даліся доктару Лёдніку апошнія выпрабаванні… Ці зможа амаль зламаны чалавек, які шукае ратунку ў адмаўленні ад усяго зямнога, вярнуцца ў вір палітычных інтрыгаў апошніх гадоў Рэчы Паспалітай? А трэба не толькі ратаваць сваіх блізкіх са зняволення, але і абараняць таямніцу полацкіх сутарэнняў, якую зноў хочуць прыўлашчыць хціўцы.

Яндекс.Метрика