
Віктар Канстанцінавіч Гардзей — беларускі паэт, празаік, перакладчык. Нарадзіўся 19 жніўня 1946, в. Малыя Круговічы, Ганцавіцкі раён, Брэсцкая вобласць ў сялянскай сям’і. Закончыў Круговіцкую сярэднюю школу (1964) і (завочна) факультэт журналістыкі БДУ (1984). Пасля школы працаваў у калгасе, у 1965-1966 гг. быў літсупрацоўнікам ляхавіцкай раённай газеты «Будаўнік камунізму». 3 1966 г. — у ганцавіцкай раённай газеце «Савецкае Палессе» (загадчык аддзела пісем, адказны сакратар, намеснік рэдактара).
3 пераездам у Мінск (1983) працаваў у рэдакцыях часопісаў «Беларусь», «Родная прырода», з 1989 года — старэйшы літсупрацоўнік аддзела прозы часопіса «Маладосць». Таксама працаваў у часопісах «Полымя» і «Вожык». Пазней зноў у часопісе «Маладосць» (намеснік галоўнага рэдактара). Да 2010 года працаваў у выдавецтве «Мастацкая літаратура». У 2010-2015 гадах — загадчык аддзела прозы і паэзіі газеты «Літаратура і мастацтва».
Літаратурную працу пачаў у 1963 годзе. Аўтар зборнікаў паэзіі «Касавіца» (1975), «Верасное палясоўе» (1978), «Засевак Радзімы» (1983), «Незабудкі азёр» (1985), «Узрушэнне» (1988), «Дзікая пчала» (1994) і кніжак вершаў для дзяцей «Чырвоны грабеньчык» (1976), «На арэхавай палянцы» (1982), «Коцікі на вярбе» (1988), «Мой тата — трактарыст» (1989) і інш.Выдаў кнігі прозы «Дом з блакітнымі аканіцамі» (1984), «Карані вечнага дрэва» (1988), «Уратуй ад нячыстага» (1995), «Ці то грэбля, ці то гаць» (1996) і інш.
Пераклаў на беларускую мову раманы Г. Флабера «Саламбо» і Р. Стывенсана «Чорная страла», аповесць-казку Э. Гофмана «Шчаўкунчык і мышыны кароль», кнігу казак народаў Еўропы «Хрустальны калодзеж» і інш.
З’яўляецца Членам Саюза беларускіх пісьменнікаў (1979), Лаўрэатам Літаратурнай прэміі імя Івана Мележа, Лаўрэатам літаратурнай прэміі «Залаты купідон» (2007).
У вёсцы Малыя Круговічы да 50-годдзя пісьменніка імем Віктара Гардзея названа вуліца, на якой ён нарадзіўся і жыў, а на месцы дома, дзе ён жыў, у 2017 годзе ўсталяваны памятны знак.


































