
Валянціна Іванаўна Локун — беларуская пісьменніца, выкладчык, старшы навуковы супрацоўнік, літаратурны крытык.
Валянціна Іванаўна Локун нарадзілася 6 жніўня 1946 г. у вёсцы Цепянец Пінскага раёна Брэсцкай вобласці. Скончыла Цепянецкую пачатковую школу, затым вучылася ў Малоткавіцкай сярэдняй школе, а з сёмага класа перайшла ў Пінскую завочную школу, якую скончыла ў 1966 г. з залатым медалём і паступіла на філалагічны факультэт (рускае аддзяленне) Брэсцкага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. С. Пушкіна.
У 1974 г. разам з сям’ёй пераехала ў г. Пінск. Вучылася ў аспірантуры пры Беларускім дзяржаўным універсітэце імя У. І. Леніна. У 1984 г. абараніла кандыдацкую дысертацыю па тэме «Праблемы стылю беларускай ваеннай прозы» (на матэрыяле творчасці В. Быкава, Б. Сачанкі, І. Чыгрынава).
Працавала загадчыцай Цепянецкай бібліятэкі (1972–1974), старшым выкладчыкам Брэсцкага педінстытута імя А. С. Пушкіна (1985–1998). З 1987 па 2007 г. — супрацоўнік, старшы навуковы супрацоўнік Інстытута літаратуры імя Янкі Купалы Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, з 1987 па 1998 г. сумяшчала працу ў Інстытуце літаратуры з працай у педінстытуце.
В. І. Локун — кандыдат філалагічных навук, член Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1998 г., з 2006 г. — член Саюза пісьменнікаў Беларусі.
У 2004 г. Валянціна Іванаўна была ўдастоена прэміі прэзідэнтаў Акадэмій навук Беларусі, Украіны і Малдовы «за выполнение научно-исследовательской работы „Культурно-исторические белорусско-украинские связи: литературно-языковый аспект“». Яна двойчы станавілася лаўрэатам прэміі часопіса «Полымя»: 1993 г. — за артыкул «У пошуках маральнага ідэалу. Проза Уладзіміра Караткевіча» (№ 6); 2001 — за артыкул «Узняцца да лёсу агульначалавечага (Талстоўскія традыцыі ў развіцці беларускай ваеннай прозы)» (№ 5).
У 2006 г. узнагароджана медалём Святой Еўфрасінні Полацкай ад грамадскага аб’яднання «Міжнародны фонд Святой Еўфрасінні Полацкай» за актыўны ўдзел у рабоце Фонду з мэтай распаўсюджання ідэй хрысціянскага высокага духу, хрысціянскай маралі, заснаванай на дабрыні і міласэрнасці, вялікую асветніцкую дзейнасць.
В. Локун — аўтар некалькіх зборнікаў і манаграфій, больш за сто навуковых артыкулаў па праблемах развіцця беларускай літаратуры ў кантэксце сусветнай літаратуры, яна — аўтар чатырох артыкулаў «Гісторыі беларускай літаратуры XX стагоддзя» ў 4 тамах.
У суаўтарстве з іншымі вядомымі літаратуразнаўцамі прымала ўдзел у напісанні такіх зборнікаў як «Нарысы беларуска-ўкраінскіх літаратурных сувязей» і «Беларуская літаратура ў кантэксце славянскіх літаратур ХІХ–ХХ стст.». У 2003 г. «Нарысы…» былі перакладзены на ўкраінскую мову і выдадзены ў Кіеве.
Валянціна Іванаўна адна з першых на навуковым узроўні зрабіла спробу прасачыць гісторыю літаратуры краю, асабліва дэталёва аналізуючы творчасць сучасных пісьменнікаў Піншчыны.
Валянціна Іванаўна Локун раптоўна памерла 16 чэрвеня 2016 г. Апошняя яе манаграфія аб творчасці У. Гніламёдава засталася недапісанай, як і многія яе артыкулы…
































