1 ЧЭРВЕНЯ – 80 ГАДОЎ ГЕНРЫХУ ДАЛІДОВІЧУ

Генрых Вацлававіч Далідовіч — беларускі пісьменнік, публіцыст, літаратуразнаўца і перакладчык, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя І. Мележа (1087), Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Якуба Коласа (1996).

Генрых Далідовіч нарадзіўся 1 чэрвеня 1946 года i 15 гадоў жыў на хутары Амшарок, што быў паблізу сённяшняй вёскі Янковічы Стаўбцоўскага раёна. Гэта паспрыяла яму змалку спазнаваць палі, сенажаці i лес Налібацкай пушчы, жыццё хутаранцаў i вяскоўцаў i па-свойму суадносіць усвядомленае з іншым светам — спачатку блізкім, усябеларускім, а потым i з вялікім.

Скончыў Дзераўнянскую дзесяцігодку. З роднай вёскі пасля заканчэння Дзераўнянскай дзесяцігодкі юнак падаўся па веды ў «вялікі» свет. Дарога прывяла ў сцены Белдзяржуніверсітэта, на філфак, які ён закончыў у 1968 г. Затым Г. Далідовіч пайшоў па жыцці настаўніцкай сцежкай: выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Шабыньскай васьмігодцы на Барысаўшчыне, некаторы час быў завучам гэтай школы.

У 1968 г. часопіс «Маладосць» змясціў апавяданне «Ліст да Олі», якое стала важкай заяўкай маладога празаіка, засведчыла пра несумненны псіхалагічна-даследчыцкі патэнцыял яго таленту. Жыццёвы выбар быў прадвызначаны: апантанасць мастацкім словам не давала спакою, клікала да актыўнай творчай працы. І таму Г. Далідовіч развітаўся са школай, настаўніцтвам і пераехаў у Мінск. Тут, у літаратурным цэнтры Беларусі, ён знайшоў сябе. Не адзін год шчыраваў у аддзеле прозы часопіса «Полымя» (з 1973 г.), аднак асабліва багата часу і сіл аддадзена часопісу «Маладосць», у якім ён працаваў з 1979 г. спачатку намеснікам галоўнага рэдактара, а з 1991 г. пісьменнік узначальваў рэдакцыйны калектыў. З 2003 года намеснік галоўнага рэдактара «Краязнаўчай газеты».

На сённяшні дзень колькасць кніг, выдадзеных ім, набліжаецца да дваццаці, а першай стала «Дажджы над вёскай», якая ўбачыла свет у 1974 г. Потым былі зборнікі апавяданняў і аповесцей «Цяпло на першацвет» (1976), «Маладыя гады» (1979), «Міланькі» (1980), «На новы парог» (1983), «Станаўленне» (1985), «Міг маладосці» (выбранае, 1987), «Жывы покліч» (1995). Амаль дзесяць год было аддадзена стварэнню цыкла гістарычных раманаў «Гаспадар-камень» (1986; Літаратурная прэмія СП БССР імя І. Мележа 1987), «Пабуджаныя» (1988), «Свой дом» (1992; часопісны варыянт, 1989). Заходнебеларускай рэчаіснасці празаік прысвяціў раман «Заходнікі» (1994; Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Я. Коласа 1996).

Выступае з літаратурна-крытычнымі і публіцыстычнымі артыкуламі.

На беларускую мову пераклаў раман Дж. Ф. Купера «Апошні з магікан».

Многія творы перакладзеныя на мовы свету.

 

Share Button
Яндекс.Метрика