
Барыс Іванавiч Сачанка – беларускі празаік, публіціыст і перакладчык.
Нарадзiўся 15 мая 1936 года ў вёсцы Вялiкi Бор Хойнiцкага раёна Гомельскай вобласцi. У чэрвенi 1943 г. ён са сваёй сям’ёй быў дэпартаваны ў Германiю, адкуль вярнуўся толькi ў канцы вайны. У 1945 Б. Сачанка пайшоў у першы клас Вялiкаборскай сямiгодкi, а пасля заканчэння Хойнiцкай СШ, у якой вучыўся Іван Мележ, у 1955 паступiў на аддзяленне журналiстыкi фiлалагiчнага факультэта БДУ.
Працоўную дзейнасць пачаў у 1958 у часопiсе «Вожык» – спачатку карэктарам, затым фельетанiстам. Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага унiверсiтэта працаваў у аддзеле прозы часопiса «Полымя» (1960-1976). Наступнае дзесяцiгоддзе (1976-1986) Сачанка займаў пасаду сакратара праўлення Саюза пiсьменнiкаў, а затым загадваў рэдакцыяй перакладной лiтаратуры выдавецтва «Мастацкая лiтаратура» У 1993-1995 гадах працаваў галоўным рэдактарам выдавецтва «Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі». Член Саюза пiсьменнiкаў з 1960 г., ён прымаў удзел у рабоце ХХХV сесii Арганiзацыi Аб’яднаных Нацый, атрымаў шэраг узнагарод i ганаровых знакаў: лаўрэат Дзяржаўнай прэмii Беларусi iмя Я. Коласа (1982, за кнiгу «Ваўчыца з Чортавай Ямы»), Лiтаратурнай прэмii СП Беларусi iмя І. Мележа (1991, за кнiгу «Сняцца сны аб Беларусi…») і інш.
Першае апавяданне Барыса Сачанкi з’явiлася ў 1956 г. у «Маладосцi», а праз чатыры гады ён выдаў свой першы зборнiк «Дарога iшла праз лес» (1960), за якiм паследавалi наступныя празаiчныя зборнiкi з iнтэрвалам прыблiзна ў два гады: «Барвы ранняй восенi» (1962), «Зямля тваiх продкаў» (1964), «Пакуль не развiднела» (1966), «Апошнiя i першыя» (1968), «Дарогi» (1971), «Аксана» (1971), «Памяць» (1973), «Тры аповесцi» (1976), «Ваўчыца з Чортавай Ямы» (1978), «Горкая радасць вяртання» (1987), «Вечны кругазварот» (1989) i «Родны кут» (1989). У дадатак да гэтых зборнiкаў апавяданняў i нарысаў Сачанка стварыў трылогiю пад назвай «Вялiкi Лес» (1980-1984), зрабiў цэлы шэраг перакладаў празаiчных i драматычных твораў, напiсаў некалькi арыгiнальных кароткiх гумарэсак, дзiцячых кнiжак, зборнiкаў крытычных нарысаў, у тым лiку «Жывое жыццё» (1985), «Сняцца сны аб Беларусi…» (1990) i «Трэцяе вока» (1992). Апрача ўсяго вышэй пералiчанага, Сачанка прымаў удзел у выданнi кнiг замежных аўтараў, такiх, як Булгакаў, Салагуб, Пiльняк i Набокаў. Вельмi важна для беларускай лiтаратуры тое, што ён падрыхтаваў i выдаў кнiгу вершаў Ларысы Генiюш «Белы сон» (1990) i ў розных сваiх артыкулах адкрываў для чытача забытыя альбо невядомыя творы Купалы, Коласа, Ластоўскага, Сваяка, Генiюш, Жылкi, Клiшэвiча, Салаўя i iнш. Сачанка таксама напiсаў сцэнарый да дакументальнага фiльма пра Алеся Гаруна.
Барыс Сачанка заўчасна памёр 5 лiпеня 1995 г.












































