
Валянціна Міхайлаўна Коўтун (па мужу Новік) нарадзілася 6 красавіка 1946 г. у вёсцы Дземяхі Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў сям’і настаўнікаў. Усё дзяцінства і юнацтва прайшлі на Піншчыне Брэсцкай вобласці. Сем класаў скончыла ў Сушыцкай сярэдняй школе, а пасля пераводу бацькоў на працу ў Жабчыцкую пачатковую школу вучылася ў Малоткавіцкай СШ.
Пасля заканчэння школы ў 1963 г. Валянціна Коўтун працавала старшай піянерважатай у Паршэвіцкай (цяпер Бярозавіцкай) СШ. У 1964 г. паступіла на рускае аддзяленне філалагічнага факультэта Львоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя І. Франко. У 1968 г. перавялася на чацвёрты курс філфака Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна, які скончыла ў 1969 г.
Настаўнічала ў Астравецкім раёне на Гродзеншчыне (1969–1970), працавала літкансультантам «Сельской газеты» (1970–1976), літсупрацоўнікам і рэдактарам аддзела крытыкі і літаратуразнаўства часопіса «Полымя» (1976–1982), загадчыкам рэдакцыі літаратуры для дзяцей і юнацтва ў выдавецтве «Юнацтва» (1982–1990). Затым зноў у часопісе «Полымя». У 2006–2007 гг. — рэдактар аддзела паэзіі ў часопісе «Маладосць».
Завочна скончыла аспірантуру пры БДУ. У Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР абараніла кандыдацкую дысертацыю «Паэтычная структура беларускай пазаабрадавай песні пра каханне» (1979). Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1976 г., Саюза пісьменнікаў Украіны з 1997 г.
Першыя паэтычныя творы В. М. Коўтун надрукавала ў 1966 г. Выдала зборнікі вершаў і паэм «Каляровыя вёслы» (1971), «На ўзлёце дня» (1977), «На зломе маланкі» (1981), «Метраном» (1985), «Лісты да цябе» (1988), «Свяча любові» (2006), «Малітва да Калымы» (2009). За кнігу «Метраном» паэтэса адзначана Літаратурнай прэміяй імя А. Куляшова (1996). Валянціна Коўтун піша і для дзяцей: «Мы робім казку» (1983), «Вясёлы заасад» (1986).
У кнігах вядзеца шчырая, даверлівая гутарка пра свой час і сваё пакаленне, пра людзей вёскі і пра ўсё, што найбольш хвалюе. Пэўная камернасць, ускладнёная метафарычнасць паэзіі Валянціны Коўтун не пазбаўляюць яе грамадзянскасці, адчування вышыні ідэалаў, заклапочанасці і болю за лёс асобнага чалавека, сваёй Радзімы і нават планеты. Сутнасць яе лірычнай споведзі складаюць маральна-этычныя прынцыпы ўзаемаадносін у грамадстве, сувязь з духоўнымі традыцыямі народа. Многія творы пабудаваны на фальклорных сюжэтах, пераклікаюцца з народнай паэзіяй.
Аўтар шэрага празаічных твораў: раман «Крыж міласэрнасці» (1988), прысвечаны паэтэсе Алаізе Пашкевіч (Цётцы), раман «Пакліканыя» (2007), прысвечаны асветніцы Еўфрасінні Полацкай, шматлікія апавяданні, частка якіх склала зборнік «Калінавая гронка залатая» (1988). Апошнія гады жыцця працавала над раманам «Над садам Іарданскім», які так і не быў завершаны.
В. М. Коўтун выявіла сябе як таленавіты драматург. Былі напісаны п’еса «Вясельны хутар», прысвечаная паэтэсе Я. Янішчыц, драматычная містэрыя «Крыж Ігуменні», драма «Шлях Палачанкі». Стварыла сцэнарыі і лібрэта паводле сваіх раманаў «Крыж міласэрнасці» і «Пакліканыя», а ў 1994 г. па яе, сумесна з Ф. Коневым, сцэнарыі быў пастаўлены фільм «Крыж міласэрнасці».
Творчую, навуковую і рэдакцыйную працу сумяшчала з актыўнай грамадскай работай. У 1993 г. па яе ініцыятыве і пад яе кіраўніцтвам быў створаны Усебеларускі жаночы фонд Еўфрасінні Полацкай. У 1993–2011 гг. — старшыня фонду. Праявіла сябе як лідар беларускага жаночага руху і яго палымяны публіцыст.
Выступала ў перыядычным друку з артыкуламі па пытаннях фальклору ў сучаснай паэзіі і іншых актуальных праблемах літаратурнага працэсу. Вядома як перакладчыца мастацкай літаратуры з балгарскай, літоўскай, польскай, рускай, украінскай і іншых моў.
В. М. Коўтун заўчасна памерла 30 красавіка 2011 г. у Пiнску. Пахавана на могілках пас. Калодзішчы Мінскага раёна.
У сакавіку 2021 г. у Пінску аб’явілі рэгіянальны літаратурны конкурс «Прысягаю роднаму краю…», прысвечаны 75-годдзю з дня нараджэння В. Коўтун і В. Локун (1946–2016). 5 красавiка 2021 г. у Пiнскай цэнтральнай гарадской бібліятэцы прайшоў вечар паэзіі «Абяцай Радзіме слова…», прысвечаны памяцi В. М. Коўтун.







































