1 КРАСАВІКА – 125 ГАДОЎ З ДНЯ НАРАДЖЭННЯ СЯРГЕЯ ПЯСЕЦКАГА

Сяргей Міхайлавіч Пясецкі нарадзіўся 1 красавіка 1901 года ў мястэчку Ляхавічы Мінскай губерні (цяпер горад Брэсцкай вобласці). Быў пазашлюбным дзіцём беларускага шляхціца Міхала Пясецкага, паштовага чыноўніка, і ягонай служанкі Клаўдзіі Кукаловіч. Неўзабаве пасля нараджэння сына Міхал расстаўся з Клаўдзіяй і выхоўваў хлопчыка з дапамогай мачыхі, а калі таму споўнілася 11 год, усынавіў яго і даў сваё прозвішча.

Дзяцінства Сяргея (Сергіюша) прайшло ў самотным сузіранні прыроды і чытанні кніжак, пераважна рускіх класікаў: Купрына, Чэхава, Дастаеўскага, Загоскіна. Сям’я жыла то ў Мінску, то ў Бабруйску – бацька часта мяняў месца працы.

Маючы свабодалюбны і ўпарты характар, хлопец змалку, як мог, змагаўся з несправядлівасцю. Сёмы клас рускай гімназіі (Міхал Пясецкі з сям’ёй з пачаткам І Сусветнай вайны эвакуіруецца ва Уладзімір) для яго скончыўся трагічна: паспрабаваўшы пераканаць гімназійнага інспектара ў сваёй рацыі з дапамогай рэвальвера, Сяргей апынуўся ў турме. Аднак спрытны юнак неўзабаве ўцякае з турмы і акунаецца ў тагачасны вір рэвалюцыйных падзей. Жудаснасць бальшавіцкага тэрору настолькі яго ўразіла, што ў Мінск у 1918 годзе ён прыязджае свядомым антыкамуністам.

Да 1921 года Сяргей Пясецкі ваюе з бальшавікамі спачатку ў шэрагах беларускай партызанкі (атрады «Зялёнага Дуба»), пасля ў польскіх вайсковых фармаваннях, а затым пераязджае ў Ракаў, мястэчка каля Мінска, што ў выніку Рыжскай мірнай дамовы становіцца польскім памежным пунктам і фактычна сталіцай кантрабандыстаў. На працягу пяці гадоў Сяргей Пясецкі займаецца кантрабандай, адначасова выконваючы на тэрыторыі Беларусі функцыі агента польскай ваеннай разведкі.

У 1927 годзе польскі суд асуджае Сяргея Пясецкага за рабаўніцтва на 15 гадоў турмы. Менавіта там, на сёмым годзе зняволення, у вязня прачынаецца літаратурны дар. Першы раман «Пяты этап», напісаны ў 1934 годзе, канфіскавала турэмная цэнзура, раман «Жыццё раззброеннага чалавека» (1936) застаўся недапісанным. І толькі раману «Каханак Вялікай Мядзведзіцы», прысвечанаму «кантрабандысцкаму» перыяду жыцця Сяргея Пясецкага, пашчасціла ў 1937 годзе выйсці за турэмныя сцены і быць апублікаваным. Дзякуючы гэтаму твору хворы на сухоты аўтар не толькі атрымаў сусветную славу і вядомасць (за два перадваенныя гады раман быў перакладзены на 11 моў свету), але і быў датэрмінова вызвалены з турмы.

Падчас Другой сусветнай вайны Сяргей Пясецкі ўдзельнічае ў фармаваннях Арміі Краёвай на Віленшчыне, а ў 1946 годзе эмігруе на Захад, спачатку ў Італію, потым у Вялікабрытанію. Зарабляе на жыццё цяжкой фізічнай працай, у вольны час шмат піша. У 1947 годзе ўступае ў Альянс польскіх пісьменнікаў на чужбіне, але практычна не дзейначае ў рабоце эміграцыйных цэнтраў, пазбягае грамадскіх выступленняў. Растанне з сям’ёю (ажаніўся ў 1942 г., праз два гады нарадзіўся сын), што засталася ў Польшчы, жыццёвыя цяжкасці эмігранта не зламалі пісьменніка, загартавалі ягоную волю і літаратурны талент.

Пяру польскага пісьменніка Сяргея Пясецкага належаць 12 раманаў, а таксама навэлы, кінасцэнарыі, публіцыстычныя артыкулы. Па яго творах здымаліся мастацкія фільмы і тэлевізійныя серыялы.

«Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі» – самы вядомы раман Сяргея Пясецкага. Яго найбольш часта выдавалі незалежныя выдавецтву свету, ён быў афіцыйна забаронены ў Польшчы да 1990 года. У «Запісках» аўтар пераўвасабіўся ў савецкага афіцэра, разважаў быццам бы яго катэгорыямі, прымітыўнай мовай, характэрным, па думцы аўтара, для «хомо саветыкус». «Запіскі» з’яўляюцца адным з найболей паслядоўных, бескампрамісных прыкладаў сатырычнага адлюстравання антычалавечай сутнасці таталітарнай савецкай сістэмы. Раман атрымаў мноства водгукаў, як станоўчых, так і негатыўных.

12 верасня 1964 года Сяргей Пясецкі памёр у ваенным шпіталі ад раку. Ён пахаваны далёка ад родных Ляхавіч, у Вялікабрытаніі, у горадзе Гастынгс.

Share Button
Яндекс.Метрика