21 лютага ва ўсім свеце азначаўся Дзень роднай мовы – цудоўнае свята, якое аб’ядноўвае людзей у адзіную нацыю, дазваляе ўспомніць пра свае карані, традыцыі і Радзіму. Для бібліятэкі-філіяла №5 свята роднай мовы – гэта важная падзея, да якой супрацоўнікі рыхтуюцца штогод.
Гэтым разам бібліятэкары запрасілі ўдзельнікаў клуба “Сонейка” на мерапрыемства “Ехаў поўны воз дзівос”, якое адбылося 24 лютага. Сустрэча была прысвечана 75-годдзю з дня нараджэння Міхася Пазнякова.
Юбілей Міхася Пазнякова – гэта не толькі святкаванне яго асабістых дасягненняў, але і магчымасць падкрэсліць важнасць захавання беларускай мовы, культуры і гісторыі для нашых наступных пакаленняў. Супрацоўнік бібліятэкі разам з вучнямі пагарталі старонкі літаратурнай творчасці пісьменніка. Спачатку юныя наведвальнікі дэкламавалі натхнёныя вершы, потым гумарыстычныя смяшынкі. Далей весела і займальна прайшлі гульні “Адгадай слова”, “Што знаходзіцца ў куфары”. Потым адгадвалі цудоўныя аўтарскія загадкі, якія правялі дзяцей вясёлымі сцяжынкамі па роднай мове. На мерапрыемстве панавалі кемлівасць, гумар, артыстызм.
Супрацоўнікі бібліятэкі ўпэўнены, што гэтая гадзіна дазволіла перажыць удзелнікам мерапрыемства моцныя пачуцці, атрымаць задавальненне і яшчэ раз пераканацца, што родная мова – бясцэнны скарб, якім мы павінны ганарыцца і шанаваць яго.









































