Міжнародны дзень роднай мовы ў гарадской цэнтральнай бібліятэцы прайшоў вельмі насычана і цікава. Супрацоўнікі правялі дзень інфармацыі «З павагай да роднага слова». На працягу дня чытачы, якія наведалі бібліятэку, маглі азнаёміцца з выставай “Адвечны голас Радзімы”, на якой былі прадстаўлены разнастайныя выданні, прысвечаныя беларускай мове і культуры маўлення. Тут можна было знайсці слоўнікі, даведнікі і энцыклапедыі, якія дапамогуць глыбей зразумець родную гаворку. Таксама былі прадстаўлены кнігі з прыказкамі, прымаўкамі, загадкамі і казкамі, якія знаёмяць з фальклорам. Наведвальнікі маглі паўдзельнічаць у займальнай віктарыне. З задавальненнем яны адгадвалі загадкі, збіралі прыказкі і гулялі ў пазнавальныя гульні, такія як “Назаві адным словам”, “Крылатыя выразы” і “Вясёлыя пытанні”, даведаліся, колькі дзіўнага тоіцца ў беларускай мове і як важна яе ведаць, берагчы, правільна пісаць і гаварыць на ёй.
У гэты ж дзень, супрацоўнікі абанемента бібліятэкі, арганізавалі слоўную мазаіку “Таямніцы роднай мовы”. Гасцямі сустрэчы сталі вучні 5 «А» класа «Сярэдняй школы №2 г. Пінска». Юныя наведвальнікі разам з бібліятэкарам складалі незвычайную мазаіку з родных слоў, з задавальненнем удзельнічалі ў гульнях і конкурсах. Асаблівую цікавасць у школьнікаў выклікалі заданні на тлумачэнне значэння рэдкіх вобразных выразаў. Сустрэча прайшла ў цёплай і сяброўскай атмасферы. Дзеці не толькі паказалі свае веды, але і даведаліся шмат новага пра прыгажосць і веліч роднага слова.
Галоўным вынікам мерапрыемстаў стала разуменне ўдзельнікамі таго, што родная мова – гэта душа народа, якую трэба берагчы і шанаваць.





































