28 ЛЮТАГА – 60 ГАДОЎ АЛЕСЮ БАДАКУ

Алесь Бадак (сапр.Аляксандр Мікалаевіч Бадак, 28 лютага 1966, в. Туркі, Ляхавіцкі раён, Брэсцкая вобласць) — беларускі пісьменнік, паэт-песеннік, публіцыст, крытык.

Нарадзіўся ў сям’і рабочага. У 1983 годзе пасля заканчэння школы паступіў на філалагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Служыў у Савецкай Арміі (1984—1986). Пасля дэмабілізацыі працягнуў вучобу ва ўніверсітэце, які скончыў у 1990 годзе. У тым жа годзе прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі.

Працаваў рэдактарам аддзелу, адказным сакратаром, намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Бярозка» (1991—2001), рэдактарам аддзела часопіса «Полымя» (2001—2002), загадчыкам аддзела прозы, адказным сакратаром, намеснікам галоўнага рэдактара часопіса «Маладосць» (2002—2009). У 2009—2014 гадах – галоўны рэдактар часопіса «Нёман». У 2014—2015 гг. – галоўны рэдактар часопіса «Полымя».

Адначасова ў 2009—2012 гадах – 1-ы намеснік дырэктара Рэдакцыйна-выдавецкай установы «Літаратура і мастацтва». У 2012—2015 гадах – намеснік дырэктара РВУ Выдавецкі дом «Звязда».

З 2015 года дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура».

Першы верш Алеся Бадака быў надрукаваны ў 1979 годзе ў газеце «Піянер Беларусі». На пачатку 1990-х гадоў пачаў пісаць тэксты да песень. Алесь Бадак з’яўляецца лаўрэатам рэспубліканскіх конкурсаў песні.

У 2003 годзе быў у ліку першых лаўрэатаў літаратурнай прэміі «Залаты апостраф». Пазней пачынае выдаваць прозу і творы для дзяцей. З’яўляецца адным з арганізатараў клуба дзіцячых пісьменнікаў.

Аўтар больш як дзесяці паэтычных кніг, шматлікіх крытычных артыкулаў і рэцэнзій, а таксама тэкстаў песень.

Share Button
Яндекс.Метрика