Кніжная выстава-прапанова «Беларускія сучасныя пісьменнікі – дзецям»

Дарагія чытачы!

Бібліятэка-філіял №1 запрашае наведаць кніжную выставу і пазнаёміцца ​​з сучаснымі беларускімі пісьменнікамі і іх кнігамі.

Як вы ведаеце, 2026 год аб’яўлены Годам беларускай жанчыны. На роўных правах з беларускімі пісьменнікамі-мужчынамі працуюць выдатныя сучасныя беларускія пісьменніцы. Паглядзіце, якія яскравыя і маляўнічыя, «смачныя» сучасныя дзіцячыя кнігі прапануюць беларускія аўтары!

Не прапусціце магчымасць пазнаёміцца ​​з вясёлымі вершамі, казкамі, лічылкамі і загадкамі беларускіх пісьменнікаў! Выдатна ілюстраваныя кнігі з добрым сэнсавым зместам будуць карысныя выхавацелям, мамам, татам, бабулям, дзядулям для чытання дапытлівым дзецям.

Давайце чытаць родную літаратуру на беларускай мове!
Час працы кніжнай выставы адпавядае рэжыму работы бібліятэкі.
Чакаем Вас па адрасе: г.Пінск, праспект Жалтоўскага, 19.

Міус, Ж. В. Казачныя ночы Барвулі : [казкі / Жанна Міус ; [мастак С. І. Стахоўская]. – Мінск : Беларусь, 2023. – 59, [4] с.

Беларускую пісьменніцу Жанну Міус аднолькава любяць як дзеці, так і дарослыя, бо яна з лёгкасцю можа рассмяшыць, захапіць і зачараваць сваімі творамі і тых, і другіх. У кніге “Казачныя ночы Барвулі” вы сустрэнеце незвычайных дзівосных персанажаў. Тут нясумна праводзіць ночы маладзенькая цікаўная асінка Барвуля. Яна ўважліва слухае захапляльныя гісторыі сваіх старэйшых лясных суседзяў – Шэрага Каменю, цётухны Хвоі і пня Дубадума. А ўдзень з нявыхаванымі хлопчыкамі, якія прыходзяць па грыбы і паводзяць сябе абуральна, здараюцца чарадзейныя пераўвасабленні, і дзеці нават трапляюць у загадкавае… Грыбадзіўе.

Жабко, Я. Г. Загадкі казачнай хаткі : [для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту] / Яніна Жабко ; [мастак Ала Пашкевіч]. – Мінск : Беларуская Энцыклапедыя, 2014. – 22, [1] с.

“Загадкі казачнай хаткі” – гэта кніга вершаваных дзіцячых загадак беларускай пісьменніцы Яніны Жабко. У выданні сабраны займальныя рыфмаваныя пытанні, якія дапамагаюць дзецям развіваць лагічнае мысленне, знаёмячы іх з рознымі прадметамі, жывёламі або казачнымі персанажамі ў гульнявой форме.

Бярэзіна, Т. І. Янка едзе на кані : вершы / Тамара Бярэзіна ; мастак Дар’я Бярэзіна. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2025. – [21] c.

“Янка едзе на кані” – кніга вершаў Таццяны Бярэзінай, прызначаная для дзяцей. Зборнік змяшчае паэтычныя творы, якія адрозніваюцца лёгкасцю і блізкасцю да дзіцячага ўспрымання свету. Вершы ў выданні вылучаюцца даступнай мовай і цікавымі сюжэтамі.

Хадасевіч-Лісавая, К. С. Знаёмцеся – #Падабай.к@! : [казка / Кацярына Хадасевіч-Лісавая ; [мастак В. Лапіна]. – Мінск : Звязда, 2020. – 45, [2] с.

Вы хацелі б мець унікальны гаджэт, які ніколі не патрабуе зарадкі, абсалютна не расходуе трафік, не псуе зрок, не “глючыць”. А яшчэ ён дае карысную інфармацыю, вядзе ў свет фантазіі, пашырае слоўнікавы запас…

Увага! Гэты ўнікальны гаджэт вы зараз трымаеце ў руках! Кніжная фея прыдумала і стварыла кнігу, у якой удалося спалучыць экран гаджэта і папяровыя старонкі! Адкладзіце свае смартфоны, сябры, і пазнаёмцеся з сімпатычным віртуальным героем, якога ведае ўвесь свет, а ўвасобіўся ён у новай кнізе беларускай пісьменніцы Кацярыны Хадасевіч-Лісавой.

Стэльмах, А. А. Папяровы самалёцік : [казка] / Алена Стэльмах ; [мастак К. У. Першына]. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2023. – [35] с.

“Папяровы самалёцік” – кніга вядомай беларускай дзіцячай пісьменніцы Алены Стэльмах, у якой распавядаецца пра прыгоды герояў, што сутыкаюцца з рознымі жыццёвымі сітуацыямі, вучацца сябраваць і марыць. Гэта твор для дзяцей, які дапамагае развіваць уяўленне і выхоўваць станоўчыя рысы характару.

Баравікова, Р. А. Пра Бусю, які жыве на Беларусі : аповесць-казка / Раіса Баравікова, Уладзімір Ліпскі ; [мастакі: А. Аракчэева і інш.]. – Мінск : Харвест, 2016. – 127 с.

Кніга вядомых пісьменнікаў, лаўрэатаў Дзяржаўнай прэміі Беларусі Раісы Баравіковай і Уладзіміра Ліпскага – для дзяцей, што толькі-толькі пачынаюць адкрываць для сябе сакрэты, прыгажосць і веліч сваёй Айчыны. Аповесць-казка “Пра Бусю, які жыве на Беларусі” не толькі пра птушку – сябра чалавека, а і пра тое, як трэба разумець і берагчы прыроду, будаваць з ёй свае адносіны. Цікавая, займальная энцыклапедыя пра буслоў, слоўнік Бусі і маляванка Бусі – усе гэтыя важныя дапаўненні да кнігі ставяць яе ў разрад калі не падручнікаў, то дапаможнікаў для ўсіх тых, хто выхоўвае нашых маленькіх нашчадкаў.

Калашнікаў, Я. М. Дзе падзеліся цукеркі? : вершы для дзяцей / Яўген Калашнікаў. – Мінск : Беларусь, 2025. – 78, [1] c.

Выданне змяшчае вершы для дзяцей на розную тэматыку, многія з якіх напісаны з гумарам, а таксама ў павучальных мэтах. Сярод прапанаваных твораў ёсць верш “Як размаляваць вясёлку?”, які дапаможа вывучыць на памяць парадак колераў у вясёлцы на беларускай мове.

Зэкаў, А. М. Праўда і лухта пра вусатага ката : вершы / Анатоль Зэкаў. – Мінск : Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2019. – 31 с. – (Беларускія пісьменнікі – дзецям).

“Праўда і лухта пра вусатага ката” – гэта зборнік вершаў для дзяцей дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту, напісаны беларускім паэтам Анатолем Зэкавым. Галоўны герой кнігі паласаты, вусаты, мацёры, хітры і ласкавы Кот.

Пад вокладкай – вершы пра самыя розныя прыгоды ката: ён – пастух і рахункавод, плывец і дрывасек; то палюе на мышэй, то вартуе куранят, то пе- рабіраецца з горкі на горку, то плавае на цеплаходзе, то ходзіць на рыбалку, то сядзіць за камп’ютарам…

Пазнякоў, М. Мая цудоўная Радзіма : вершы / Міхась Пазнякоў ; мастак Святлана Стахоўская. – Мінск : Звязда, 2025. – 158, [1] с.

Кнігу Міхася Пазнякова склалі вершы пра самае галоўнае ў жыцці чалавека – Радзіму. Паэт апявае Радзіму, нашы дзяржаўныя сімвалы, багацце і прыгажосць роднай зямлі, услаўляе мужнасць і працавітасць людзей, прыгожыя мары і памкненні, вучобу і добрыя справы хлопчыкаў і дзяўчынак. Знаёміць з прафесіямі, вучыць любіць і шанаваць бацькоў, Радзіму, усё роднае, займацца спортам, расці ўдзячнымі, працавітымі, шчырымі. Для дзяцей малодшага школьнага ўзросту.

Ліпскі, У. С. Закаханы трэцякласнік : аповесці-казкі / Уладзімір Ліпскі ; мастак Аксана Аракчэева. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2019. – 163, [4] с.

Аповесці-казкі Уладзіміра Ліпскага дапамогуць юным чытачам спазнаць чароўны свет жыцця, а ў ім – няпростыя чалавечыя пачуцці і свае абавязкі перад мамай, татам, Радзімай. Казкі “Закаханы трэцякласнік” і “Дабрадзей для ўсіх дзяцей” нібы на розныя жыццёвыя тэмы, але яны аб’яднаныя агульнай мэтай – узбагаціць душу чытача любоўю, дабрынёй, прагай да адкрыццяў, прыгажосці і разумення ўсёй красы зямнога раю. Пра гэтыя складаныя праблемы аўтар піша займальна, даходліва, як вопытны настаўнік і шматгадовы галоўны рэдактар папулярнага дзіцячага часопіса “Вясёлка”.

Скаржынская-Савіцкая, Г. І. Надзейка-чарадзейка : казкі / Ганна Скаржынская-Савіцкая. – Мінск : Беларуская Энцыклапедыя, 2014. – 46, [1] с.

У кнігу Галіны Скаржынскай-Савіцкай “Надзейка-чарадзейка” ўвайшлі дзіцячыя казкі пазнавальнага і павучальнага характару. Хто важнейшы – Хмара або Ручаёк? Чаму Расінка сябруе з Сонечным Зайчыкам? Ці могуць пасябраваць Хітраня і Падскакайчык? Адказы на гэтыя і іншыя пытанні вы будзеце ведаць, калі прачытаеце кнігу.

Дамаронак-Кудраўцава, Т. І. Чароўныя куточкі нашай Радзімы : [казкі] / Таццяна Дамаронак ; мастак Наталля Расолька. – Мінск : Беларусь, 2025. – 85, [2] с.

Зборнік казачных гісторый “Чароўныя куточкі нашай Радзімы” зацікавіць юных чытачоў, якія жадаюць больш даведацца пра цудоўныя жывапісныя мясціны нашай дарагой Беларусі. Чытачы даведаюцца, колькі багацця захоўвае наша Радзіма, якая выдатная і дзіўная яе прырода! І, вядома ж, ім захочацца самім адправіцца ў сапраўднае вандраванне, каб адчуць гэту прыгажосць, дабрыню і любоў роднай зямлі.

Аўласенка, Г. П. Снегавік і Вясна : казачная аповесць / Генадзь Аўласенка ; [мастак А. Карповіч]. – Мінск : Звязда, 2018. – 52, [2] с.

Зімой на ўзлеску вясковыя дзеці вылепілі Снегавіка. Яго нос-морквачка – салодзенькі, смачненькі – прывабіў зайчанят Вушасціка і Таўстуна. А самі зайчаняты вельмі спадабаліся хітрай Лісіцы… З гэтага і пачынаюцца прыгоды герояў у казачным лесе. … Гэта гісторыя пра Снегавіка, які вельмі баяўся прыходу вясны, бо ведаў, што ад сонечнага цяпла ён растане. З дапамогай гэтай казачнай аповесці можна патлумачыць дзецям змены пораў года і выхаваць беражлівыя адносіны да прыроды.

Мушынская, Т. М. Вожыкі ў футбол гуляюць : вершы, апавяданні, казкі / Т. М. Мушынская. – Минск : Литература и Искусство, 2008. – 136 с.

Празаік і паэтэса Таццяна Мушынская шмат гадоў піша для дзяцей. Гэты зборнік будзе цікавы малодшым школьнікам, спатрэбіцца настаўнікам пачатковых класаў, выхавацелям і метадыстам дзіцячых садкоў, а таксама бацькам для сумеснага чытання з дзецьмі. Змешчаныя ў кнізе вершы, апавяданні і казкі адлюстроўваюць дзіцячыя гульні і захапленні, пейзажныя замалеўкі розных пор года, прыроды. Кніга папулярная дзякуючы займальным сюжэтам, якія вучаць дабрыні, дружбе і знаёмяць дзяцей з жыццём прыроды. Маляўнічыя ілюстрацыі вядомай мастачкі Галіны Хінкі-Янушкевіч ствараюць яркі, прывабны вобраз навакольнага свету.

Бунта, Т. П. Дзяўчынка з Вішнёвага завулка : [апавяданні] / Тамара Бунта ; мастак Аксана Аракчэева. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2016. – 74, [3] с.

 “Дзяўчынка з Вішнёвага завулка” – дзіцячая кніга беларускай пісьменніцы Тамары Бунты, якая распавядае пра жыццё, радасці і прыгоды дзяўчынкі. Гэта цёплая, павучальная гісторыя, напоўненая светлымі эмоцыямі і дабрынёй, прызначаная для чытання малодшым школьнікам. Кніга папулярная ў Беларусі.

Share Button
Яндекс.Метрика