15 СТУДЗЕНЯ – 90 ГАДОЎ З ДНЯ НАРАДЖЭННЯ ЯНКІ СІПАКОВА

Сіпакоў Янка (Іван Данілавіч) нарадзіўся 15 студзеня 1936 года ў вёсцы Зубрэвічы Аршанскага раёна ў сялянскай сям’і, беларускі паэт і празаік, перакладчык і нарысіст.

У гады Вялікай Айчыннай вайны страціў бацькоў і рана далучыўся да працы. Працаваў паштальёнам, літсупрацоўнікам шклоўскай раённай газеты. У 1960–1973 гг., пасля вучобы ў Беларускім дзяржаўным ўніверсітэце, працаваў у «Вожыку», і амаль дваццаць год – у часопісе «Маладосць».

3 1993 года загадваў рэдакцыяй літаратуры, мовы, фальклору і этнаграфіі выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя». 3 1997 года працаваў у часопісе «Беларусь».

Творчую дзейнасць Я. Сіпакоў пачаў як паэт. Свой першы верш надрукаваў у 1953 годзе ў аршанскай раённай газеце, а ў 1960 годзе выйшаў яго першы паэтычны зборнік «Сонечны дождж». Потым былі зборнікі: «Лірычны вырай» (1965), «Дзень» (1968), «3 вясны ў лета» (1972). Лепшае з іх склала кнігу выбранай паэзіі «Вочы ў вочы» (1978).

Лірыка Я. Сіпакова вызначаецца незвычайнай душэўнасцю, яна глыбока засяроджана на ўнутраным духоўным свеце чалавека. Адну з самых лірычных форм паэзіі – санет – паэт выкарыстаў для стварэння цыкла «Жанчына». Тэмы адказнасці чалавека за будучае планеты, чысціні і прыгажосці чалавечых узаемаадносін знайшлі адлюстраванне ў гэтым вянку санетаў.

Разам з тым чыста лірычных вершаў у Я. Сіпакова мала. Ужо ў яго першых паэтычных зборніках узнікае эпічная тэндэнцыя, якая неад’емна існуе побач з яго лірычнай стыхіяй. Вельмі многія вершы Я. Сіпакова сюжэтна-падзейныя. Паэт надзвычай часта звяртаецца да гістарычнага мінулага, гістарычных асоб і калізій. З’явай у беларускай паэзіі стала кніга Я. Сіпакова «Веча славянскіх балад» (1973), адзначаная ў 1976 годзе Дзяржаўнай прэміяй Беларусі імя Я. Купалы. Яе складаюць больш за пяцьдзесят балад, у якіх на гістарычных фактах і фальклорных крыніцах паэт узнаўляе радасныя і трагічныя моманты з гісторыі славянскіх народаў.

Цікавай падзеяй у літаратурным жыцці XX ст. стала кніга прытчаў Я. Сіпакова «Тыя, што ідуць» (1993), першая такога плана ў нашай літаратуры. Тры дзесяткі прытчаў, аб’яднаныя ў ёй, – творы неабмежаваныя ў прасторы і часе. У іх ужываюцца, пераплятаюцца і ўзаемадзейнічаюць рэальнае і нерэальнае, жыццёвае і прывіднае. Аўтар разважае аб жыцці і смерці, аб тым, што гора і радасць заўсёды побач, што там, дзе плачуць, там, зразумела, не смяюцца, а дзе смяюцца, там можна часам і паплакаць. Праз новыя арыгінальныя формы імкнецца пісьменнік выказаць набалелае. Прытчы Сіпакова вызначаюцца не дыдактызмам і празмернай павучальнасцю, што звычайна ўласціва гэтаму жанру, а глыбокай філасофскай насычанасцю. Яны сімвалічныя па сваёй сутнасці.

Янка Сіпакоў – таксама аўтар фантастычна-прыгодніцкай аповесці «Блуканне па іншасвеце» (1994), цыклаў мініяцюр, гістарычных апавяданняў, зборнікаў гумарэсак «Лысы юбілей» (1965), «Плюс на мінус» (1973) і «Ланцугі для мух» (1980), «Пятніца ў суботу» (1988). Ён пераклаў на беларускую мову асобныя творы А. С. Пушкіна, А. Блока, Т. Шаўчэнкі, В. Хлебнікава, Э. Межэлайціса. Яго пераклады Уолта Уітмена і Хо Шы Міна спецыялісты адносяць да найбольш адпаведных духу і літары арыгінала, глыбокіх і паэтычных. У 1997 годзе пісьменнік атрымаў званне заслужанага дзеяча культуры Рэспублікі Беларусь.

Памёр Іван Данілавіч 10 сакавіка 2011 года.

Share Button
Яндекс.Метрика