4 снежня ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа прайшоў семінар “Кнігі і экспазіцыі : новыя гарызонты для літаратурных устаноў” прымекаваны да 66-годдзя ўстановы і 100-годдзя паэмы Якуба Коласа “Сымон-музыка”.
У семінары, што прайшоў у Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа, выступіла загадчык філіяла “Гарадская дзіцячая бібліятэка імя Якуба Коласа” з дакладам “Захаванне літаратурнай спадчыны Якуба Коласа на Палессі”. Яе прамова стала сапраўдным падарожжам у свет творчасці класіка, цесна звязанага з пінскай зямлёй.
Загадчык бібліятэкі распавяла пра жыццё і творчасць Песняра на Піншчыне, пра прысваенне імя класіка бібліятэцы больш за 30 гадоў таму назад. Гэта падзея, як адзначыла дакладчыца, стала значнай вехай у гісторыі ўстановы і наклала вялікую адказнасць за папулярызацыю творчасці Якуба Коласа сярод маладога пакалення.
Асаблівая ўвага была нададзена электроннаму рэсурсу “Палескімі сцяжынкамі Якуба Коласа”, яго раздзелам. Гэты рэсурс – сапраўдная скарбніца інфармацыі пра жыццё і творчасць пісьменніка, даступная кожнаму.
Таксама была прадстаўлена інфармацыя пра літаратурна-краязнаўчы вугалок “Якуб Колас на Піншчыне”, які існуе ў бібліятэцы. Вуголок з’яўляецца цэнтрам прыцягнення для школьнікаў і ўсіх, хто цікавіцца творчасцю пісьменніка.
Увазе гледачоў былі прадстаўлены фатаздымкі змястоўных кніжных выставак, шматлікіх мерапрыемстваў, прысвечаных класіку. Гэтыя візуальныя матэрыялы дазволілі адчуць атмасферу шанавання памяці Якуба Коласа на Піншчыне.
Асобнае слова было сказана пра канферэнцыю “Коласаўскія адрасы радзімы: памятныя месцы, музеі, помнікі”, што праходзіць кожны лістапад на базе філіяла “Гарадская дзіцячая бібліятэка імя Я. Коласа”.






































