
Юрый Лявонцьевіч Саланевіч нарадзіўся 17 снежня 1955 г. у г. Пінску Брэсцкай вобласці ў сям’і рабочых. З дзяцінства пісаў вершы і замалёўкі. У школе любіў урокі хіміі. Пасля заканчэння сярэдняй школы № 4 г. Пінска вучыўся ў Днепрапятроўскім хіміка-тэхналагічным інстытуце (1973–1978) па спецыяльнасці «Тэхналогія пластмас».
Пасля заканчэння інстытута малады спецыяліст некаторы час працаваў інжынерам-хімікам у Харкаўскай вобласці (Украіна), асвоіў дзясятак рабочых прафесій. Там жа Юрый Саланевіч напісаў свае першыя апавяданні, з 1979 г. пачаў друкавацца. Пазнаёміўся з літаратарамі, якія яго падтрымалі, прымаў удзел у семінарах пачынаючых пісьменнікаў у Харкаве (1980).
У 1982 г. Юрый Саланевіч вярнуўся ў Пінск, працаваў выкладчыкам хіміі ў СДПТВ-137, старшым тэхнікам-электрыкам у Першым вучэбным атрадзе ВМФ СССР. Пасля расфарміравання атрада працаваў намеснікам дырэктара Клуба ветэранаў афганскай вайны. З 1991 г. — на пасадах галоўнага інжынера, дырэктара ў камерцыйных структурах. Некаторы час кіраваў літаратурным аб’яднаннем пры пінскай раённай газеце «Полесская правда».
У 1987 г. апублікаваў апавяданне «Такая долгая ночь» у часопісе «Родник». Сабраныя матэрыялы ў выніку цесных узаемных адносін з воінамі-інтэрнацыяналістамі ляглі ў аснову аповесці «Лучшие из лучших», якая была надрукавана ў часопісах «Наш современник» (2004) і «Нёман» (2005).
У расійскіх інтэрнэт-рэсурсах з 2002 г. Юрый Саланевіч публікуе навукова-папулярныя артыкулы. Быў запрошаны прыняць удзел у ХХХ навуковым форуме «Курчатовские чтения» ў Валгадонску (Расія; 2011).
Сумесна з супрацоўнікам Інстытута інфармацыйных сістэм НАН Украіны Раманам Беразуевым распрацаваў тэорыю сіметрычных працэсаў. У яе аснову пакладзена ідэя аб нераўназначнасці вынікаў назіранняў аднаго і таго ж эксперымента аб’ектыўным і суб’ектыўным назіральнікамі. Тэорыя апісвае алгарытм эвалюцыі любога працэсу: фізічнага, псіхічнага, гістарычнага і, нарэшце, літаратурнага.
Юрыю Саланевічу давялося аб’ездзіць усю еўрапейскую частку былога СССР — ад Астрахані да Запаляр’я. Уражанні ад гэтага перыяду жыцця празаіка адлюстраваны ў рамане «Зона тени», апублікаваным у «Нёмане» (2005). У 2007 г. у часопісе «Нёман» надрукаваны раман «Юродивый и смерть».
Пісьменнік супрацоўнічаў з газетай «Пінскі веснік». Публікаваўся таксама ў абласных і рэспубліканскіх выданнях, аўтар артыкулаў аб гісторыі Палесскага краю, яго адметных працаўніках і творчых асобах. Аўтар кніг «Зона тени» (2016), «Квантовый человек. Между временем и пространством» (2019). У 2005 г. прыняты ў Саюз пісьменнікаў Беларусі. Таксама член Саюза пісьменікаў Саюзнай дзяржавы.
Высокай адзнакай працы у Першым вучэбным атрадзе ВМФ СССР стала прысваенне Юрыю Саланевічу звання “Ударнік камуністычнай працы”.
За плённую працу ў навуке і літаратуре ён таксама ўзнагароджан медалямі грамадскіх суполак: Далёкаўсходняй акадэмии навук, Расійскай ядзернай суполкі, Міжнароднага саюза пісьменнікаў ім. Кірыла і Мяфодзія.
За актыўную грамадзянскую пазіцыю атрымаў падзячны ліст ад Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнко.
Юрый Лявонцьевіч жыве і працуе ў в. Лядавічы Іванаўскага раёна Брэсцкай вобласці.






























