V Міжрэгіянальная навукова-практычная канферэнцыя «Коласаўскія адрасы радзімы: памятныя месцы, музеі, помнікі»

14 лістапада ў філіяле “Пінская гарадская дзіцячая бібліятэка імя Я. Коласа” адбылася V Міжрэгіянальная навукова-практычная канферэнцыя “Коласаўскія адрасы радзімы: памятныя месцы, музеі, помнікі”.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў звярнуліся ганаровыя госці: начальнік аддзела культуры Пінскага гарвыканкама Матузка Сяргей Уладзіміравіч і начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі Пінскага гарвыканкама Юрчанка Кірыл Міхайлавіч. Перад прысутнымі выступілі загадчык навукова-экспазіцыйнага сектара Установы “Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа” Жасткова Алена Іванаўна; кандыдат філалагічных навук, дацэнт, вядучы навуковы супрацоўнік аддзела беларускай лiтаратуры XX i XХI стст. Інстытута лiтаратуразнаўства імя Я. Купалы цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы i лiтаратуры НАН Беларусі Шаладанаў Ігар Міхайлавіч; намеснік дырэктара ДУК “Пінская ГЦБС” Папіціч Людміла Ігараўна. Асаблівым напаўненнем сталі выступленні журналіста і краязнаўцы г. Лунінца Таццяны Васільеўны Канапацкай, а таксама святара праваслаўнай царквы Лунінецкага раёна iерэя Аляксандра Вабішчэвіча.

На прыканцы сустрэчы для гасцей і дакладчыкаў канферэнцыі быў падрыхтаваны творчы блок, падчас якога гучалі вершы ў выкананні навучэнчаў ДУА “Сярэдняя школа №3 г.Пінска” і музычны нумар узорнага ансамбля “Сунічка” г. Лунiнец.

Кульмінацыяй навукова-практычнай канферэнцыі сталі словы падзякі і ўручэнне памятных падарункаў і дыпломаў дакладчыкам дырэктарам ДУК “Пінская гарадская цэнтралізаванная бібліятэчная сістэма” Дзінай Анатольеўнай Лагодзіч.

Канферэнцыя яшчэ раз пацвердзіла: спадчына Якуба Коласа застаецца жывой і невычэрпнай крыніцай для новых даследаванняў!

Яндекс.Метрика