8 лістапада загадчык філіяла “Гарадская дзіцячая бібліятэка ім. Я. Коласа” наведала “Каласавіны” ў вёсцы Пінкавічы, дзе адбылася сустрэча з унукам Якуба Коласа Андрэем Данілавічам Міцкевічам. Падчас сустрэчы, Андрэй Данілавіч падзяліўся ўспамінамі пра Якуба Коласа не толькі як пра вядомага пісьменніка, але і як пра звычайнага чалавека, дзеда, з якім звязвалі цёплыя сямейныя адносіны. Потым госць наведаў гарадскую дзіцячую бібліятэку імя Якуба Коласа. Візіт Андрэя Данілавіча Міцкевіча ў музейны вугалок “Якуб Колас на Піншчыне” стаў значнай падзеяй для ўсіх, хто шануе творчасць народнага паэта. У музейным вугалку Андрэй Данілавіч уважліва разгледзіў экспанаты, звязаныя з жыццём і творчасцю яго дзеда на Піншчыне. Ён адзначыў важнасць такіх ініцыятыў для захавання памяці пра Якуба Коласа і для прыцягнення ўвагі маладога пакалення да беларускай літаратуры.
Кніжная выстава “Словы Коласа жывуць” на абанеменце старэйшых школьнікаў дазволіла яму яшчэ раз убачыць знаёмыя з дзяцінства творы, пагартаць новыя выданні, якія з’явіліся ўжо пасля смерці пісьменніка. Сустрэча атрымалася вельмі цёплай і шчырай, пакінуўшы незабыўныя ўражанні ва ўсіх прысутных.






































