
Андрэй Ягоравiч Макаёнак нарадзiўся 12 лiстапада 1920 года ў вёсцы Борхаў Рагачоўскага раёна. Скончыў Журавiцкую сярэднюю школу. Удзельнiчаў у Вялiкай Айчыннай вайне, атрымаў цяжкае раненне. Шпiталь. Няўмольны прысуд – ампутацыя абедзвюх ног. Стары фельчар, якому вельмi спадабаўся асiлак-беларус, парушыў урачэбную этыку: сказаў юнаку, што ногi можна ўратаваць, бо гангрэны пакуль няма. Параiў: не давайся, настойвай. Андрэй не еў i не спаў: а раптам дадуць снатворнага i аднiмуць ногi… Калi па яго прыйшлi, каб везцi на аперацыю, выхапiў трафейны пiсталет… Усе спалохалiся. I здзiвiлiся волi, духоўнай сiле франтавiка, “тараннасцi” ў дасягненнi мэты.
Упершыню А. Макаёнак навёў зброю не супраць ворага, а супраць сваiх, якiя недастаткова адказна рабiлi справу, раўнадушна выконвалi свае абавязкi. Драматург i пазней будзе наводзiць зброю слова “на сваiх”, на раўнадушных, чыя абыякавасць i несумленнасць можа часам каштаваць жыцця чалавеку, няшчасцяў цэлай краiне.
Друкавацца пачаў з 1946 года, з аднаактовак, якiя вылучалiся актуальнасцю праблематыкi. У 1952 годзе на сцэне Купалаўскага тэатра рэжысёрам Канстанцiнам Саннiкавым была пастаўлена першая поўнафарматная п’еса “На досвiтку” пра пасляваенную… Францыю. Аўтар iмкнуўся паказаць жыццё французаў, якое добра не ведаў. П’еса была слабая, але супрацоўнiцтва з купалаўцамi адкрыла яму “многiя прафесiйныя сакрэты сцэны”.
Сатырычная камедыя “Выбачайце, калi ласка” (1954) – першая п’еса, якая прынесла яе аўтару заслужаную славу i прызнанне не толькi ў Беларусi, але i далёка за яе межамi. Гэта п’еса стала пачаткам лiтаратурнага лёсу, праграмным творам i творчай вiзiтоўкай Макаёнка-драматурга.
А. Макаёнак здзейснiў сапраўдную рэвалюцыю ў жанры драматургii: ён пiсаў не толькi сатырычныя камедыi (“Каб людзi не журылiся”, 1959; “Лявонiха на арбiце”, 1961; “Таблетку пад язык”, 1973), але i трагiкамедыi (“Трыбунал”, 1970; “Зацюканы апостал”, 1971; “Пагарэльцы”, 1981; “Дыхайце эканомна”, якая была апублiкавана ў 1983, ужо пасля смерцi драматурга). Камедыю “Верачка” (1979) сам аўтар вызначыў так: “сентыментальны фельетон”. Жанр камедыi “Кашмар” (другая назва – “Святая прастата”, 1976) удакладнiў: “небяспечная камедыя ў трох дзеях”. Аўтарскае вызначэнне “Таблеткi пад язык” – “камедыя-рэпартаж”, а трагiкамедыi “Дыхайце эканомна” – “п’еса-прытча”.
Андрэй Макаёнак выдатна спалучаў пiсьменнiцкую працу з рэдактарскай: чатыры гады загадваў аддзелам прозы ў часопiсе “Вожык” i дванаццаць гадоў (1966-1978) быў галоўным рэдактарам часопiса “Нёман” i лiчыў гэтую справу вельмi важнай для развiцця нацыянальнай культуры.
Пра шматграннасць таленту А. Макаёнка сведчаць яго кiнааповесць “Твой хлеб”, сцэнарыi фiльмаў “Шчасце трэба берагчы”, “Кандрат Крапiва”, “Рагаты бастыён”, тэлефiльм “Пасля кiрмашу”, пераклады твораў савецкiх драматургаў на беларускую мову (Аляксандра Карнейчука, Леанiда Зорына i iнш.), артыкулы па праблемах драматургii, тэатра i кiно.
Пашыраныя каментарыi “ад аўтара” ўпершыню з’явiлiся ў “Зацюканым апостале”. Аўтарскiя прадмовы i тлумачэннi да тэксту ёсць у “Таблетцы пад язык”, “Пагарэльцах”, “Верачцы”, “Кашмары”. Гэта па сутнасцi мастацкая проза, якая сведчыла пра вялiкi эпiчны i лiрычны патэнцыял драматурга: А. Макаёнак выношваў мару “напiсаць раман. Лiрычны”. На жаль, мары гэтай не суджана было ажыццявiцца: ён раптоўна памёр 16 лiстапада 1982 года.





































