
Сяргей Епіфанавіч Палуян (1890, г. п. Брагін – 1910) – пісьменнік, літаратуразнавец, публіцыст, адзін з пачынальнікаў беларускай прафесійнай літаратурнай крытыкі.
Нарадзіўся 19 кастрычніка 1890 года ў Брагіне, у шматдзетнай сям’і. Дзед яго быў прыгонным селянінам, калісьці працаваў у воласці, за прыкладную службу атрымаў кавалак зямлі і саслоўнае званне мешчаніна г. Рэчыцы. Бацька браў у арэнду зямлю, а пасля, дзякуючы спадчыне, а таксама жончынаму пасагу, змог набыць зямлю, купіў у 1897 г. маёнтак Крышычы Юравіцкай воласці (цяпер Калінкавіцкі раён Гомельскай вобласці). Тут, сярод цудоўнай прыроды, і правёў С. Палуян свядомае маленства. Вучыўся спачатку ў Мазыры ў шасцігадовай прагімназіі, там жа ўпершыню пазнаёміўся з рэвалюцыйнымі ідэямі, што не засталося незаўважаным дырэкцыяй. Хутка С. Палуян мусіў перапыніць вучобу. Працягваў яе ўжо пад апекай родных дзядзькоў-выкладчыкаў у гімназіі г. Мітава. Пагроза паўторнага выключэння за актыўную антыўрадавую дзейнасць прымусіла будучага пісьменніка спыніць вучобу і вярнуцца на радзіму. Працаваў на бацькавай гаспадарцы, спазнаў нялёгкую сялянскую працу, зблізіўся з навакольнай беднатой, сярод якой працягваў агітацыю, удзельнічаў у рэвалюцыйным руху 1905 г., што прывяло да канчатковага разрыву сына з бацькам.
З лета 1909 г. і да сакавіка 1910 г. С. Палуян – супрацоўнік “Нашай Нівы” ў Вільні. Тут ён пазнаёміўся з прагрэсіўнымі маладымі літаратурнымі дзеячамі Беларусі. Адразу сышоўся і пасябраваў з Я. Купалам, Ц. Гартным, вёў перапіску з М. Багдановічам. Здавалася, для С. Палуяна ўсё складвалася найлепшым чынам. Але на пачатку сакавіка 1910 г. ён парывае з рэдакцыяй, пакідае Вільню. У ноч з 7 на 8 красавіка, на дваццатым годзе, ён скончыў жыццё самагубствам.
З творчай спадчыны С. Палуяна да нас дайшлі толькі два мастацкія творы. Гэта апавяданне “Вёска” і верш-абразок у прозе “Хрыстос уваскрос!”. Сярод асноўных работ – першы ў беларускай крытыцы аглядны артыкул “Беларуская літаратура ў 1909 годзе”, “Беларуская паэзія ў яе тыповых прадстаўніках”, рэцэнзія на падручнік Я. Коласа “Другое чытанне для дзяцей беларусаў”. Усе гэтыя работы – выдатная заяўка пісьменніка на самастойнасць і шырыню крытычных поглядаў, яркае сведчанне таго, што малады крытык арыентаваўся на перадавую літаратуру, першаснымі асновамі літаратуры сцвярджаў народнасць, справу служэння сацыяльнаму і нацыянальнаму разняволенню. Выступаў С. Палуян і як тэатральны крытык (“Віленская беларуская вечарынка”, “Беларускія вячоркі” і інш.). Даследаваў таксама ўкраінскую культуру і літаратуру, беларуска-ўкраінскія літаратурныя сувязі. Пісьменнік адстойваў правы беларусаў на развіццё сваёй мовы і культуры (“Пра нацыянальную школу на Беларусі”, цыкл артыкулаў “З нашага жыцця”).
Уся творчасць С. Палуяна вызначаецца глыбокім дэмакратызмам і патрыятызмам, высокім прафесійным узроўнем, імкненнем далучыць роднае мастацкае слова да агульнаеўрапейскага кантэксту, глыбінёй аналітычнага мыслення, вобразным багаццем мовы.






























