27 ВЕРАСНЯ — 70 ГАДОЎ МАРЫІ ЛЯШУК

Марыя Іванаўна Ляшук нарадзілася 27 верасня 1955 г. у вёсцы Табулкі Пінскага раёна Брэсцкай вобласці ў сям’і калгаснікаў. З дзяцінства цягнулася да літаратуры. Калі вучылася ў чацвёртым класе, яе верш надрукавала газета «Піянер Беларусі». У 1973 г. скончыла Табульскую сярэднюю школу і паступіла на факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна.

Завяршыўшы навучанне ў 1978 г., Марыя Ляшук вярнулася ў Пінск і стала працаваць карэспандэнтам, а потым рэдактарам мясцовага радыё ў трыкатажным аб’яднанні «Палессе». У 1990 г. перайшла працаваць карэспандэнтам гарадской газеты «Пінскі веснік». Праз некаторы час была назначана загадчыцай аддзела пісьмаў, потым — намеснікам рэдактара, а з 1996 па 2012 г. — рэдактарам гэтага выдання. З лістапада 2012 г. працавала памочнікам дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь А. І. Палейчука і карэспандэнтам газеты «Пінскі веснік», затым — уласным карэспандэнтам абласной газеты «Народная трыбуна».

Марыя Ляшук добра вядома на Брэстчыне як таленавіты паэт-лірык і як аўтар цудоўных «жаночых» апавяданняў. Піша на беларускай і рускай мовах. Друкавалася ў часопісах «Гаспадыня», «Алеся», «Нёман», альманасе «Гоман», у рэспубліканскіх — «7 дней», «Будем здоровы!», «Рэспубліка», «Народная газета», «Літаратура і мастацтва», абласных — «Заря», «Народная трыбуна».

У маі 2007 г. выйшаў зборнік навел і вершаў М. І. Ляшук «Благословенные небом». Значную частку зборніка складаюць непрыдуманыя гісторыі — навелы, нарысы, лірычныя замалёўкі ў прозе. У цэнтры ўвагі — лёс чалавека, галоўным чынам, жанчыны. Лёсы гераінь кнігі асаблівыя, часцей падкрэслена трагічныя. На першым плане ў навелах маральна-этычныя праблемы, складаныя варункі чалавечых узаемаадносін, паводзіны чалавека, які ўцягнуты ў цяжка вырашальны маральны канфлікт. Другая частка кнігі — паэтычная, у якой аўтар развівае сваю гуманістычную пазіцыю.

Марыя Іванаўна была галоўным рэдактарам літаратурна-мастацкага зборніка «Піншчына літаратурная» (1999), выступіла ўкладальнікам зборнікаў паэзіі: «„Струменя“ серебряные струны» (2008), «Кружева полесских зарниц» (2011), «Созвездие любви» (2013).

Марыя Ляшук з’яўляецца членам Беларускага саюза журналістаў, з кастрычніка 2006 г. — членам Саюза пісьменнікаў Беларусі, уваходзіць у праўленне Брэсцкага абласнога аддзялення СПБ. З сакавіка 2006 г. — кіраўнік клуба літаратараў Піншчыны «Пінчукі», які дзейнічае пры Пінскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Я. Янішчыц.

Лаўрэат прэміі Беларускага рэспубліканскага саюза жанчын за цыкл навел аб жаночых лёсах. Узнагароджана дыпломам і значком за лепшую журналісцкую работу у рэспубліканскім творчым конкурсе «Залатое пяро» Беларускага саюза журналістаў, нагрудным знакам «Выдатнік друку». Мае Падзяку Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

Share Button
Яндекс.Метрика