Уладзімір Мікалаевіч Дубоўка (15 ліпеня 1900 – 1976) — беларускі паэт, празаік, перакладчык, крытык, член літаратурнага аб’яднання «Маладняк».
Радзімай Уладзіміра Дубоўкі з’яўляецца вёска Агароднікі на Пастаўшчыне. У сям’і было шэсць сыноў і адна дачка. Будучы паэт з маленства прывык да працы. Пачатковую адукацыю ён атрымаў у Манькаўскай школе, пазней вучыўся ў Мядзельскім двухкласным вучылішчы. У 1918 г. скончыў Нова-Вілейскую настаўніцкую семінарыю, настаўнічаў на Тульшчыне (1918—1920). У 1920—1921 гг. служыў у Чырвонай Арміі. Пасля дэмабілізацыі працаваў метадыстам і інспектарам беларускіх школ Наркамата асветы РСФСР і вучыўся ў Вышэйшым літаратурна-мастацкім інстытуце імя В. Брусава, які скончыў у 1924 г.
Працаваў рэдактарам беларускага тэксту «Весніка ЦВК, СНК і СПА Саюза ССР» (1922—1925), адказным сакратаром пастпрэдства БССР пры ўрадзе СССР (1923—1924), выкладчыкам беларускай літаратуры Камуністычнага ўніверсітэта народаў Захаду (1924—1927), рэдактарам «Збору законаў і загадаў рабоча-сялянскага ўраду Саюза ССР» (1926—1930).
У 1927 г. ажаніўся з Марыяй Кляўс, а праз год у іх нарадзіўся сын Альгерд.
Хоць У. Дубоўка пастаянна жыў у Маскве, але прымаў актыўны ўдзел у беларускім літаратурным руху. Членам літаратурнай арганізацыі «Маладняк» з’яўляўся ад часу яе ўзнікнення (1923), быў адказным сакратаром Цэнтральнага Бюро, рэдактарам некалькіх нумароў часопіса «Маладняк», старшынёй маскоўскай філіі «Маладняка» Таксама стаў першым рэдактарам часопіса «Беларускі піянер» (цяпер «Бярозка»). Вясной жа 1926 г. разам з Адамам Бабарэкам, Кузьмой Чорным, Кандратам Крапівой, Змітраком Бядулем, Язэпам Пушчам стварыў новае літаратурнае аб’яднанне — «Узвышша».
У 1930 г. быў арыштаваны і асуджаны на 5 гадоў высылкі (у 1935 г. тэрмін высылкі быў падоўжаны на 2 гады), а ў 1937 г. — на 10 гадоў пазбаўлення волі. Пакаранне адбываў у Кіраўскай вобласці, у Чувашыі, на Далёкім Усходзе. У 1947 г. вызваліўшыся з лагера і не маючы права вярнуцца ні ў Беларусь, ні ў Маскву, выбраў месцам жыхарства Грузію, дзе пасяліўся з жонкай Марыяй (іх адзіны сын загінуў у 1941 г.). Зноў быў арыштаваны ў 1949 г. і асуджаны на 25 гадоў. Літаратурнай працай у зняволенні не займаўся, працаваў тынкавальшчыкам, мулярам, сталяром, юрысконсультам, эканамістам, бухгалтарам.
Пасля рэабілітацыі (1957) жыў у Маскве, але часта прыязджаў у Беларусь, дзе выходзілі яго кнігі.
Памёр 20 сакавіка 1976 г.