
Галіна Сідараўна Бабарыка нарадзілася 19 чэрвеня 1960 г. у вёсцы Мачуль Столінскага раёна Брэсцкай вобласці. Бацькі былі простымі сялянамі, якім Вялікая Айчынная вайна перашкодзіла вучыцца, яны скончылі толькі чатыры класы польскай школы, але любілі літаратуру, шмат чыталі бібліятэчных кніг. У школе Галіна вучылася добра, асабліва любіла ўрокі мовы і літаратуры. У дзесяцігадовым узросце пачала пісаць вершы. Некаторыя з іх былі надрукаваны ў раённай газеце «Навіны Палесся», часопісе «Вясёлка» (1970).
Пасля заканчэння Мачульскай васьмігадовай школы (1975) Галіна Бабарыка вучылася ў Магілёўскім педагагічным вучылішчы, Магілёўскім педагагічным інстытуце. У 1979–1983 гг. працавала настаўніцай у Клімавіцкім раёне, шмат друкавалася ў мясцовай газеце «Новае жыццё».
Пасля пераезду ў родную вёску пачала настаўнічаць у сваёй школе — настаўнік пачатковых класаў вышэйшай катэгорыі. З вучнямі вяла аб’яднанне «Мастацкае слова». За дасягнутыя поспехі ў навучанні і выхаванні ўзнагароджана Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь (1991). Вершаў амаль не пісала, але вырасла дачка, падрастаў сын, захацелася пісаць.
У 2000 г. Галіна Бабарыка пачала друкавацца ў «Народнай газеце». Вершы з’явіліся на старонках абласных газет «Заря» і«Народная трыбуна», рэспубліканскіх — «Літаратура і мастацтва», «Настаўніцкая газета», «Белорусская нива», часопісаў «Роднае слова», «Пачатковая школа», «Алеся», «Маладосць». Творы змяшчаліся ў калектыўных паэтычных зборніках «Сила слабости» (2013), «Па праву жывога» (2014), «Беларускі ручнік» (2014), «ЛітАўра» (2015), перакладзены на рускую мову Валерыем Грышкаўцом у зборніку «Белой Вежи свет» (2010).
Паэтка ўдзельнічала ў паэтычным конкурсе «Сярэбраныя радкі», які праводзіла «Белорусская нива» ў 2004 г. і заняла другое месца. У 2006 г. даслала вершы на конкурс у часопіс «Алеся», аказалася ў ліку пераможцаў. Лаўрэат Міжнароднага літаратурнага конкурсу «Сям’я – Адзінства – Айчына» (2014). За плённую працу ў літаратуры, значны ўклад у прапаганду творчасці пісьменнікаў Брэстчыны і актыўную грамадскую дзейнасць Г. С. Бабарыка ўзнагароджана Граматамі Саюза пісьменікаў Беларусі і Брэсцкага аблвыканкама. У 2017 г. удастоена літаратурнай прэміі імя У. А. Калесніка Брэсцкага аблвыканкама ў намінацыі «Паэзія».
Першая кніга вершаў Галіны Бабарыка «Давер» (2004) выйшла ў Пінскай друкарні. Прадмову «Сястра пяшчоты» напісаў Леанід Дранько-Майсюк. У невялічкай кніжачцы раскрылася чулая лірычная душа паэткі, роздум над сэнсам пражытых гадоў, любоў да бацькоўскай зямлі, яе непаўторных краявідаў. Галіну Сідараўну можна шчыра назваць пясняркай палескай прыроды. Яна вельмі тонка перадае яе адметнасці, не толькі называе, а вобразна напаўняе, адухаўляе. Паэтка часта ў сваіх вершах дапаўняе ўласную пачуццёвую гаму інтэлектуальным роздумам, што надае пейзажным творам рацыянальную напоўненасць, філасофскую стрыманасць.
У 2007 г. па рэкамендацыі вядомага беларускага паэта Уладзіміра Карызны стала членам Саюза пісьменнікаў Беларусі. Другі зборнік вершаў Галіны Бабарыка «Дарога ў восень» выйшаў у 2015 г., прадмову «…Як чысты гром свабоды» напісаў Анатоль Крэйдзіч. Прэзентацыя кнігі адбылася ў Столінскай цэнтральнай раённай бібліятэцы. У кнізе аўтар апявае дарагія яе сэрцу мясціны: вёсачку Мачуль, рачулку Моўству, старажытны Давыд-Гарадок. Любіць паэтэса восень як само жыццё, многа твораў ёй прысвяціла, дый зборніку дала назву ў гонар залатой пары года.
Галіна Сідараўна таксама піша малую прозу, якая друкавалася ў «Звяздзе», «Настаўніцкай газеце», «Народнай газеце». Выступае ў друку з артыкуламі аб творчасці паэтаў і празаікаў, піша водгукі на кнігі, на падзеі літаратурнага жыцця. Публіцыстычныя работы друкаваліся ў газетах «Звязда», «Літаратура і мастацтва», «Навіны Палесся», «Настаўніцкая газета». Аўтар краязнаўчага артыкула пра Мачуль «Гісторыя і геаграфія маёй вёскі» (2019).






























