
Уладзімір Сцяпанавіч Ліпскі – беларускі пісьменнік, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь (2001), Літаратурнай прэміі імя Янкі Маўра (1993), Васіля Віткі (1997) і Аляксандра Грына (2008), Міжнароднай прэміі Альберта Швейцара (1998). За поспехі ў галіне духоўнага адраджэння і журналістыкі адзначаны спецыяльным дыпломам «Чалавек года – 95». Вядомы пісьменнік, публіцыст, грамадскі дзеяч, старшыня праўлення Беларускага дзіцячага фонду, член Нацыянальнай камісіі па правах дзіцяці. Член Саюза пісьменнікаў СССР, член Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Уладзімір Сцяпанавіч Ліпскі нарадзіўся 6 мая 1940 г. у вёсцы Шоўкавічы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў сялянскай сям’і.
У 1960 г. скончыў Мінскі тэхнікум харчовай прамысловасці. У 1960-1964 гады пасля заканчэння тэхнікума працаваў на Гарадзейскім цукровым заводзе (слесар, старшыня прафсаюзнага камітэта).
У 1966 годзе скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У.І. Леніна. Працаваў у нясвіжскай раённай газеце «Чырвоны сцяг» (1964-1967). У 1967-1968 гадах – першы сакратар Нясвіжскага райкама камсамола, у 1968-1976 – у апараце ЦК ЛКСМБ, у 1976-1978 – адказны сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Беларускай ССР. З 1978 года – галоўны рэдактар беларускага дзіцячага часопіса «Вясёлка».
З 1988 года – старшыня праўлення Беларускага аддзялення Савецкага дзіцячага фонду, затым – прэзідэнт Беларускага дзіцячага фонду, віцэ-прэзідэнт Міжнароднай асацыяцыі дзіцячых фондаў. Ініцыятар і старшыня журы I Усебеларускага фестывалю народнага гумару ў в. Аўцюкі Калінкавіцкага раёна Гомельскай вобласці (1995). У рэспубліканскім друку выступае з 1964 года.
У 1971 годзе выйшла яго першая кніга публіцыстыкі «Райкамаўскай будні». Затым рушылі ўслед кнігі публіцыстыкі «День за днём» (1973), «Знайдзі сябе» (1974), «Якое яно, шчасце?» (1977), кніга-нарыс «Прыдзвінскі цуд» (1975), «Падкідыш» (1995).
Уладзімір Ліпскі выдаў кнігу-дзённік «Бацькі і дзеці» (1995, 2002), дакументальную аповесць пра сваіх землякоў «Адпяванне жывых» (1993).
Вынікам шматгадовых архіўных пошукаў стала кніга У.С. Ліпскага «Я: Праўдзівы аповяд пра твой і мой радавод» (1998).
Лёсу вядомых беларусаў прысвечаныя кнігі: «Крутыя вёрсты» (пражыццё Героя Савецкага Саюза З. Тусналобавай-Марчанка), «Любі мяне пры ўсякай долі» (у сааўтарстве з украінскім пісьменнікам Б. Чалым), аповесці «Урокі Купрэвіча», «Нарачанская чайка», «Басанож па зорках» , «Сын дня», «Янкаў вянок: дзецям пра Янку Купалу», «Мужык».
У.С. Ліпскі стаў вядомы перш за ўсё як аўтар дзіцячых кніг: «Рыгоркавы прыгоды» (1974), «Марынчына казка» (1977), «Клякса-Вакса і Янка з Дзіўнагорска» (1993), «Як Бог стварыў свет», «Наша Маша», «Пра Андрэйку Добрыка і чорціка Дуроніка», «Прыгоды Нуліка», «Вясёлка над Нёманам», «Я тут жыву», «Каралева белых прынцэс», «Мілаградскі конік», «Мая Беларусь».
Па кнізе «Вясёлая азбука» у Беларускім дзяржаўным акадэмічным музычным тэатры пастаўлены спектакль «Прыгоды ў замку Алфавіт».
Дасканала валодае жанрам казкі, умее натуральна спалучыць казачнае і рэальнае. Вынаходзіць арыгінальныя займальныя сюжэты, гульні, у працэсе якіх малыя вучацца думаць, фантазіяваць, самастойна тварыць, адчуваць прыгожае, «гуляць словам і ў слове».
Разам з жонкай Нінай выхаваў дваіх дзяцей – сына Ігара і дачка Марыну. Растуць унукі Антон, Маша, Толя, якія сталі героямі кніг пісьменніка. Многія творы пісьменніка інсцэніраваны, гучалі па радыё.
Творы У.С. Ліпскага змешчаны ў шматлікіх калектыўных зборніках, школьных падручніках, перакладаліся на рускую, украінскую, літоўскую інямецкую мовы.





































