18 лютага ў гарадской дзіцячай бібліятэцы імя Я. Коласа прайшла чытацкая эстафета «Чытаем на роднай мове», прымеркаваная да Міжнароднага дня роднай мовы. Вядучая расказала прысутным, што Дзень роднай мовы адзначаецца 21 лютага, што ў свеце шмат цудоўных моў, адны з іх вабяць сваёй прыгажосцю і непаўторнасцю, другія – мілагучнасцю. Але ў кожнага чалавека ёсць толькі адна родная мова. Менавіта на гэтай мове ён размаўляе з роднымі, сябрамі, знаёмымі. У фармаце надыходзячага свята прысутным прапанавалі акунуцца ў чароўны свет роднай мовы, паслухаць, як гучыць яна не толькі на ўроках, але і ў выкананні чытачоў гарадской дзіцячай бібліятэкі. Для ўвагі наведвальнікаў на абанеменце старэйшых школьнікаў была разгорнута кніжная выстава “Слова роднае – вечнасці след”, дзе былі прадстаўлены лепшыя творы класікаў беларускай літаратуры.



































