24 ЛЮТАГА – 90 ГАДОЎ З ДНЯ НАРАДЖЭННЯ РЫГОРА БАРАДУЛІНА

РЫГОР ІВАНАВІЧ БАРАДУЛІН (1935, Ушацкі р-н – 2014) – народны паэт Беларусі (1992), перакладчык, рэдактар, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР імя Янкі Купалы (1976), ганаровы доктар Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, кандыдата на Нобелеўскую прэмію (2006), кавалер ордэна «Знак Пашаны», узнагароджаны медалём Францыска Скарыны.

Нарадзіўся 24 лютага 1935 г. у сям’і Івана Рыгоравіча і Акуліны Андрэеўны Барадуліных на хутары Верасоўка. Бацька загінуў у 1944 г. у партызанскім атрадзе. Пасля вайны Рыгор Барадулін вучыўся ва Ушацкай сярэдняй школе (скончыў у 1954 г.), затым на філалагічным факультэце БДУ (скончыў у 1959 г.). Працаваў рэдактарам у розных перыядычных выданнях: газеце «Советская Белоруссия», часопісах «Бярозка», «Полымя», а таксама ў выдавецтвах «Беларусь» (з 1969 г.), «Мастацкая літаратура» (з 1972 г.). Выдавецтву «Мастацкая літаратура» Рыгор Барадулін аддаў больш за дваццаць гадоў, працаваў рэдактарам, затым загадчыкам рэдакцыі. Быў дзейным членам Саюза беларускіх пісьменнікаў, адным са стваральнікаў і актыўных удзельнікаў Беларускага ПЭН-цэнтра (1989—1999 гг.).

Памёр 2 сакавіка 2014 г. у сваёй кватэры ў Мінску пасля многіх гадоў пакут ад хваробы Паркінсона. Пахавалі Рыгора Барадуліна ва Ушачах  побач з магілай мамы.

Дэбютаваў вершамі ў 1953 г. у газеце «Чырвоная змена». Нізка вершаў «На зямлі цаліннай» склала асноўны змест першай кнігі «Маладзік над стэпам» (1959 г.). У ранняй творчасці — кнігі лірыкі «Рунець, красаваць, налівацца!» (1961 г.), «Нагбом» (1963 г.), «Неруш» (1966 г.), «Адам і Ева» (1968 г.) — паэт данёс да чытача трываласць асноў народнай маралі і этыкі, пераканаў у таленавітасці беларускага народа, у яго багатай духоўнасці.

Скарбы вуснай народнай творчасці, засвоеныя з дзяцінства, сталі дабратворнай глебай, на якой прарасла, зарунела непаўторная творчая індывідуальнасць Рыгора Барадуліна. Многія вобразы ранняй лірыкі нярэдка маюць працяг у пазнейшых творах: зборнікі «Маўчанне перуна» (1986 г.), «Самота паломніцтва» (1990 г.), «Міласэрнасць плахі» (1992 г.), «Евангелле ад Мамы» (1995 г.). У апошніх кнігах узмацняецца гучанне біблейскіх матываў. Паэт нярэдка звяртаецца да жанру малітвы. Імкненнем далучыцца да агульначалавечай духоўнай культуры абумоўлены зварот да Бібліі ў «Трыкірыі». У 2005 годзе выйшаў зборнік малітоўнай паэзіі «Ксты». Зборнік «Руны Перуновы» (2006 г.), у які ўвайшла выбраная лірыка, таксама насычаны духоўнымі вершамі.

Аўтар зборнікаў сатырычных і гумарыстычных твораў «Дойны конь» (1965 г.), «Станцыя кальцавання» (1971 г.), «Прынамсі…» (1977 г.), «Амплітуда смеласці» (1983 г.), «Мудрэц са ступаю» (1988 г.) і інш., эпіграм на дзеячаў беларускай літаратуры і мастацтва: альбом «Няўрокам кажучы» (1971 г.); «Абразы без абразы» (1985 г). Творы для дзяцей склалі зборнікі «Мех шэрых, мех белых» (1963 г.), «Красавік» (1965 г.), «Экзамен» (1969 г.), «Ай! Не буду! Не хачу!» (1971 г.), «Суровая вымова» (1976 г.), «Што было б тады, калі б?» (1977 г.), «Ці пазяхае бегемот?» (1981 г.), «Азбука не забаўка» (1985 г.), «Індыкала-кудыкала» (1986 г.), «Кобра ў торбе» (1990 г.). Напісаў кнігу літаратурна-крытычных артыкулаў і эсэ «Парастак радка, галінка верша» (1987 г.).

Цалкам плён працы Рыгора Барадуліна складаецца больш чым з 100 выдадзеных зборнікаў паэзіі, крытычных артыкулаў, эсэ, перакладаў. Двойчы выдаваліся зборы выбраных твораў паэта (1984 г., 1996—2002 гг.). Апошні збор напачатку заяўляўся ў пяці тамах, але выйшлі толькі чатыры.

Узнагароджаны ордэнамі Дружбы народаў, Знак Пашаны, латвійскім ордэнам Трох Зорак, медалем Францыска Скарыны. Ганаровы доктар БДУ і ганаровы грамадзянін Ушацкага раёна. Рыгор Барадулін — апошні беларус, якому надалі званне Народнага паэта (1992 г.). Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1976 г.) і Дзяржаўнай прэміі імя Янкі Купалы (1976 г.) за зборнік вершаў «Рум» і пераклады Гарсіі Лоркі. У 2006 г. кандыдатура Барадуліна была сярод намінантаў на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры за зборнік вершаў «Ксты».

 

Share Button

Добавить комментарий

Яндекс.Метрика