7 СНЕЖНЯ — 75 ГАДОЎ З ДНЯ НАРАДЖЭННЯ ВІКТАРА СУПРУНЧУКА

Віктар Пятровіч Супрунчук нарадзіўся 7 снежня 1949 г. у вёсцы Сялец Бярозаўскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і. У 1967 г. скончыў Сялецкую сярэднюю школу. Працаваў грузчыкам на Нова-Бярозаўскім вапнавым заводзе, вучыўся ў Белаазёрскім вучылішчы электратэхнікі (1967–1968). Пасля службы ў Савецкай арміі працаваў электрыкам, мантажнікам, зваршчыкам (1970–1971).

У час вучобы на факультэце журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта імя У. І. Леніна, які скончыў у 1976 г., Віктар Супрунчук працаваў літсупрацоўнікам шматтыражнай газеты «Савецкі настаўнік», дзяжурным электрыкам у Мінскім медінстытуце, у шматтыражнай газеце «Электрон» вытворчага аб’яднання вылічальнай тэхнікі. У 1977–1981 гг. — спецыяльным карэспандэнтам «Сельскай газеты», рэдактарам літаратурна-драматычнай рэдакцыі Беларускага тэлебачання (1981–1983), загадчыкам аддзела нарыса (1983–1986) і старшым рэдактарам аддзела прозы (1986–1990) часопіса «Полымя». З 1990 г. — намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі. Працаваў галоўным рэдактарам аўтамабільнага часопіса «Карвет», галоўным рэдактарам газеты «Наш банк сегодня» і часопіса «Вестник Беларусбанка».

Вялікую ролю ў станаўленні Віктара Супрунчука як пісьменніка адыграў родны Сялец. Вёска мае багатую гісторыю, стала культурным цэнтрам наваколля. Сваё першае апавяданне і байку Віктар напісаў, калі яшчэ вучыўся ў школе, яны былі надрукаваны ў бярозаўскай раённай газеце «Маяк коммунизма». Пасля пачаў пісаць вершы, у якіх выказваў сваю любоў да малой радзімы, прыроды, жыцця, але неўзабаве ўсё ж звярнуўся да прозы.

Прафесійнай літаратурнай дзейнасцю В. П. Супрунчук займаецца з 1972 г. Першыя абразкі і аповесці «Дождж», «Помнік»» і «Хлеб» надрукаваў у 1977 г. у «Сельскай газеце». Аповесці «Трэці сын» (1983) і «Сяргей Сяргеевіч» (1985) былі адзначаны першымі рэдакцыйнымі прэміямі года. У 1985 г. прыняты ў Саюз пісьменікаў СССР. Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Івана Мележа (1997). Аўтар празаічных зборнікаў «Страсці» (1983), «Недзе баліць ля сэрца» (1987), «Набат» (1987), «Жывем толькі раз» (1988), «З плоці і крыві» (1992), «Баю-бай, мой генерал» (1996), «Ратуйце вашы душы» (2007), «Матчын век, або Дарога да храма» (2011). З’яўляўся ўкладальнікам зборнікаў нарысаў і публіцыстыкі «Сучаснік-85», «Сучаснік-86», «Сучаснік-87», «Сучаснік-88», «Сучаснік-89».

Звыш сарака гадоў пісьменнік піша кнігу жыцця простага чалавека. Гэта — абразкі, навелы, апавяданні, аповесці, раманы, эсэ. Творы Віктара Супрунчука вызначаюцца дынамізмам у разгортванні падзей, насычанасцю побытавымі рэаліямі, абмалёўкай характараў герояў праз іх учынкі, псіхалагічнай заглыбленасцю зместу.

Многія яго творы напісаны на мясцовым матэрыяле Брэстчыны. Літаратурныя партрэты сельчукоў, якіх пісьменнік памятае яшчэ з дзяцінства, можна знайсці ў творах: «Мікалай Барада і конь Галубок», «Дзед Сашко»», «Сяргей Сяргеевіч», «У Парагвай, у цёплы край», «Чатыры булачкі», «Валя» і інш. У в. Старыя Пескі разгортваюцца падзеі ў аповесці «Банальны дэтэктыў», у в. Сялец — у аповесці «Трэці сын», у Гута-Міхаліне, Сяльцы, Баранавічах, Брэсце — у рамане «З плоці і крыві». У апошнім згаданым творы аўтар абапіраўся таксама на дакументальныя факты, рэальныя падзеі і рэальных прататыпаў.

У 2013 г. убачыла свет новая кніга прозы нашага земляка «Цвіў белы-белы бэз». Пра каханне, нянавісць, мітусню, у якой чалавек, спрабуючы знайсці штосьці значнае, губляе сябе, без сэнсу страчваючы каштоўныя часіны жыцця. А ісціна і сэнс — у самім чалавеку. Гэтую кнігу аўтар прысвяціў свайму аднавяскоўцу, паспяховаму беларускаму бізнесмену Мікалаю Сцяпанавічу Гаворку, мецэнату на ніве айчыннай культуры.

Сын Віктара Пятровіча, Мікіта Віктаравіч Супрунчук, — філолаг, дацэнт БДУ, выкладае сербскую мову, абараніў кандыдацкую дысертацыю «Субстантивное словоизменение сербского языка: синтез словоформ» (2005), перакладае творы бацькі на рускую мову.

Share Button
Яндекс.Метрика