
Жыгуноў Алесь (Жыгуноў Аляксандр Міхайлавіч) нарадзіўся 27 лістапада 1954 года ў в. Тройца Шклоўскага раёна Магілёўскай вобласці. Паэт, член Саюза беларускіх пісьменнікаў з 1982 г.
3 сялянскай сям’і. Скончыў Старасельскую пачатковую, потым – Навабрашчынскую сярэднюю школы (1970).
Працаваў дырэктарам клуба ў в. Баркі Шклоўскага раёна. У 1971–1976 гг. вучыўся на філалагічным факультэце БДУ. У 1976–1980 гг. быў настаўнікам беларускай мовы і літаратуры ў Чарневіцкай сярэдняй школе Глыбоцкага раёна, пасля працаваў карэспандэнтам-арганізатарам Глыбоцкага раённага радыё, карэспандэнтам раённай газеты «Веснік Глыбоччыны».
Жыве ў Глыбокім, працуе настаўнікам.
Першыя вершы надрукаваў у 1973 г. у газеце «Чырвоная змена». Падборкі вершаў сустракаюцца пазней на старонках часопісаў «Полымя», «Маладосць», газет «Літаратура і мастацтва», «Чырвоная змена», «Настаўніцкая газета», «Віцебскі рабочы».
У зборніках «Матчына вышыванка», «Мая Тройца» адчуваецца моцная сувязь з роднай зямлёй, з бацькоўскім домам. Жыццё ў тым запаветным куточку, дзе ўкараніўся яго род, паэт ведае не з кніг. Непрыдуманыя постаці вяскоўцаў, іх быт, складаныя ўзаемаадносіны і перажыванні ўваходзяць у паэзію А. Жыгунова натуральна і нязмушана.
Глыбокім лірызмам і празрыстасцю вылучаюцца вершы паэта пра каханне.
Піша таксама для дзяцей.
З’яўляецца членам Віцебскага абласнога аддзялення ГА «Саюз пісьменнікаў Беларусі».






























