АЛЕСЬ СТАВЕР (Аляксандр Сяргеевіч; 1929-1995) — паэт, празаік, драматург.
Нарадзіўся 10 жніўня ў вёсцы Маргавіца Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям’і. Да вайны скончыў пяць класаў Бягомльскай сярэдняй школы.
У часы Вялікай Айчынная вайны яму давялося шмат чаго перажыць. Ён зведаў голад, нястачу, нямецкую няволю. Вясной 1944 пад час блакады партызанскага краю згубіў бацькоў і братоў, трапіў у палон і быў вывезены фашыстамі ў канцлагер у Германію.
У верасні 1945 г. вярнуўся дадому. Маці Хрысціна Пятроўна да вайны была дэпутатам сельскага Савета, вельмі хацела, каб дзеці атрымалі адукацыю. Пасля заканчэння Бягомльскай сямігодкі А. Ставер вырашыў стаць шафёрам, але маці ўгаварыла яго вучыцца далей, і ён паступіў у Мінскае педвучылішча. Час быў нялёгкі. Транспарт да Бягомля не хадзіў, а з Барысава можна было з’ездзіць дадому па харчы на паштовай машыне, таму Ставер перавёўся ў Барысаўскае педвучылішча, якое скончыў у 1949 г. У 1949–1950 гг. быў старшым піянерважатым і адначасова выкладаў беларускую мову і літаратуру ў Бягомльскай сярэдняй школе.
У 1950 г. паступіў на філалагічны факультэт Мінскага педінстытута. Да гэтага часу ён ужо пісаў вершы, таму быў перакананы ў неабходнасці далейшай вучобы. Пасля заканчэння інстытута працаваў інспектарам школ Лагойскага рана (1954–1955), быў літсупрацоўнікам газеты «Калгасная праўда», літаратурным рэдактарам Дзяржаўнага выдавецтва БССР (1955–1956), загадваў літаратурнай часткай Белдзяржфілармоніі (1956–1961). 3 1961 г. малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. У 1975–1984 гг. А. Ставер – карэспандэнт-арганізатар Бюро прапаганды Саюза беларускіх пісьменнікаў. 3 1984 г. знаходзіўся на творчай рабоце. Ён часта выступаў на прадпрыемствах і ў школах рэспублікі, а таксама за яе межамі, асабліва ў вайсковых часцях, меў шмат падзяк і грамат ад камандавання вайсковых часцей. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў (1962).
Алесь Ставер пачаў пісаць вершы, калі быў студэнтам Мінскага педвучылішча. Першы яго верш апублікаваны ў 1949 г. ў барысаўскай раённай газеце «Бальшавіцкая трыбуна», а ў 1959 г. выйшаў з друку першы зборнік яго вершаў «Золак над Бярозай».
Алесь Ставер – аўтар паэтычных зборнікаў «Ластаўкі перад дажджом» (1967), «Жураўлі ляцяць…» (1972), «Лірнік» (1975), «Жнівеньскі вырай» (1979), «Зоры зямныя» (1989). Пісаў таксама для дзяцей: зборнікі «Касцёр не гасне» (1961), «Пад вясёлкавай дугой» (1984).
Шмат вершаў паэта, пакладзеныя на музыку прафесійнымі і самадзейнымі кампазітарамі, сталі вядомымі, папулярнымі песнямі: «Жураўлі на Палессе ляцяць», «Беларусачка», «Косіць хлопец канюшыну», «А мне ў шчасце верыцца», «Нарачанка» і інш. Песня «Жураўлі на Палессе ляцяць» — шэдэўр песеннага мастацтва і галоўная візітоўка ўсёй песеннай творчасці паэта.У 1983 годзе выдадзены зборнік песень «Мой край беларускі».
Аб перажытым у гады вайны А .Ставер расказаў у рамане «Пад канвоем» (1969). Ён выдаў дзве кнігі аб партызанскай барацьбе «Да сваіх» (1974) і «Лясныя аповесці» (1986). Напісаў лірычную камедыю «Алімпіяда Салодкая» і п’есу «Слова не варабей» (абедзве пастаўлены ў 1977). Вершы А. Ставера перакладзены на многія мовы народаў былога СССР, а таксама на балгарскую і польскую.
Алесь (Аляксандр Сяргеевіч) Ставер загінуў у аўтакатастрофе 23 ліпеня 1995 года. Пахаваны ў Мінску.