24 КРАСАВІКА – 75 ГАДОЎ З ДНЯ НАРАДЖЭННЯ УЛАДЗІМІРА САЛАМАХІ

УЛАДЗІМІР ПЯТРОВІЧ САЛАМАХА (24 красавіка 1949 года в. Бераснёўка, Кіраўскі раён, Магілёўская вобл.)пісьменнік, сцэнарыст, лаўрэат Нацыянальнай прэміі (2015).

Нарадзіўся Уладзімір Пятровіч Саламаха ў в. Бераснёўка Кіраўскага раёна Магілёўскай вобласці. Пасля заканчэння Скачкоўскай сярэдняй школы Кіраўскага раёна (1966) быў залічаны на працу карэктарам у рэдакцыю раённай газеты «Зара». У 1968–1970 гг. служыў у арміі. У 1975 г. скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў старшым рэдактарам у Дзяржаўным камітэце Беларусі па кінематаграфіі (1975–1983). З 1983 г. – у часопісе «Маладосць». З 2003 г. У. Саламаха з’яўляўся намеснікам дырэктара рэдакцыйна-выдавецкай установы «Літаратура і Мастацтва», з 2004 г. быў галоўным рэдактарам часопіса «Вожык», з 2008 г. – выдавецтва «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі». З 2010 г. працуе рэдактарам аддзела прозы ў часопісе «Полымя».

Першыя апавяданні У. Саламахі «Блізкі далёкі бераг», «Яўменава хата» надрукаваны ў 1977 г. у часопісе «Маладосць». Першы зборнік «На ўзмежку радасці» выйшаў з друку ў 1980 г.

Многія раннія творы былі падпісаны псеўданімамі У. Дабаснянскі, М. Печань, У. Бераснёўскі, У. Берасневіч, У. Масткоўскі. Ён аўтар зборнікаў «Заўтра ў дарогу» (1985), «Кавалёк – лесавая былінка» (1988), «Цяпло чужога сэрца» (1990), «Прывід у скураным крэсле» (1994), «Апазнаецца асоба мужчыны…» (1998), «Напрадвесні» (2001), «Там, дзе самота і радасці…» (2010), «І няма шляху чужога» (2014; Нацыянальная літаратурная прэмія, 2015). Апавяданні і аповесці У. Саламахі прасякнуты глыбокім псіхалагізмам. Героі – сучаснікі аўтара, якія шукаюць сваё месца ў жыцці. Творчым дасягненнем У. Саламахі стала апавяданне «Жыць тры дні», напісанае пісьменнікам у пачатку літаратурнай дзейнасці. Вобраз галоўнай гераіні Вольгі атрымаўся надзвычай праўдзівым і пераканаўчым. На думку некаторых даследчыкаў літаратуры, гэта «адзін з лепшых твораў «малога жанру» аб Вялікай Айчыннай вайне»*. Уладзімір Саламаха – аўтар нарысаў «Лесарубы», «На маёй зямлі», «Зямныя сімвалы», «На зялёных промнях Бярозы», «У кожнага чалавека свая рака» і інш. Многія з іх – сапраўдны гімн Радзіме. Аўтар піша аб прыродзе, яго хвалюе пытанне захавання экалагічнай раўнавагі на зямлі. Некаторыя празаічныя творы пісьменніка перакладзены на рускую, украінскую, эстонскую і іншыя мовы. Ён напісаў сцэнарыі, па якіх былі зняты дакументальныя і мультыплікацыйныя фільмы.

Share Button
Яндекс.Метрика