
МІКОЛА ХВЕДАРОВІЧ (МІКАЛАЙ ФЁДАРАВІЧ ЧАРНУШЭВІЧ; 6 красавіка 1904, мяст. Капыль, цяпер горад Мінскай вобласці — 20 жніўня 1981, Мінск) — беларускі паэт, празаік, перакладчык. Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1934 года.
Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. У часы першай сусветнай вайны як бежанец жыў у Калузе, у дзіцячым прытулку для дзяцей-бежанцаў. Вучыўся ў гарадскім вучылішчы, дзе, у прыватнасці, матэматыку выкладаў Канстанцін Цыялкоўскі.
У 1918 годзе вярнуўся дамоў і паступіў у Цімкавіцкае гарадское вучылішча. З прыходам немцаў вучылішча закрылі, і Хведаровіч працуе батраком. У пачатку 1919 года, з прыходам Чырвонай Арміі, ён уступіў у камсамол і з’яўлялся адным з арганізатарам камсамольскіх ячэек на Случчыне.
У 1924 годзе — камісар ваенкамата па дапрызыўнай падрыхтоўцы, а ў 1925 годзе атрымлівае накіраванне на вучобу ў Мінск на рабфак. У 1931 вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Паралельна з вучобай працаваў адказным сакратаром часопіса «Весткі ЦК КП(б)Б», потым у «Партыйным работніку» і «Бальшавіку Беларусі». У 1932—1933 гадах рэдактар двухтыднёвіка «Чырвоная Беларусь». У 1933—1934 гадах загадчык кабінета маладога аўтара СП БССР. У 1934—1937 гадах адказны сакратар часопіса «Полымя рэвалюцыі», сакратар часопіса «Минск». Быў членам літаратурных аб’яднанняў «Маладняк» і «Беларуская асацыяцыя пралетарскіх пісьменнікаў». У 1934 годзе быў дэлегатам Першага ўсесаюзнага з’езда пісьменнікаў.
Патрапіў пад палітычныя рэпрэсіі. Быў прыгавораны да 8 гадоў пазбаўлення волі. Знаходзіўся на Кольскім паўвостраве, удзельнічаў у будаўніцтве Манчагорска, працаваў у г. Каршы (Узбекістан). У 1949 годзе паўторна арыштаваны і сасланы ў г. Енісейск Краснаярскага краю. Реабілітаваны 28 верасня ў 1955 годзе. У 1956 вярнуўся ў Мінск.
У друку выступаў з 1924 гoда. У 1929 годзе выходзіць першая яго кніжка вершаў «Настроі», а потым «Рытмы», «Баявыя песні» (абедзве 1930), «Тэмпы-кантрасты» (1931), «Вайна за мір» (1932), «Усім сэрцам» (1937), «Залаты лістапад» (1957), «Перазвон бароў» (1961), «Зоркі на камені» (1968), «Крынічка» (1978), «Любістак» (выбранае, 1984) і інш.
Аўтар аўтабіяграфічнай аповесці «Споведзь перад будучыняй» (1978), кніг нарысаў і ўспамінаў пра выдатных беларускіх пісьменнікаў «Памятныя сустрэчы» (1960, 3-е выданне перапрацаванае ў 1977), «Незабыўнае» (1976).Пісаў для дзяцей. Выдаў кніжкі «Сонечны зайчык» (1961), «Лясныя званочкі» (1968), «Крылы» (1973). Пераклаў на беларускую мову «Казку пра цара Салтана» А. С. Пушкіна.
Памёр 20 жніўня 1981 года.



































