Кожны народ 21 лютага адзначае асаблівы для кожнай нацыі Дзень роднай мовы, бо няма народа без мовы, няма мовы без яго носьбіта. У гонар гэтага 14 лютага ў гарадской дзіцячай бібліятэцы імя Я. Коласа прайшло пасяджэнне клуба “Эрудыт” – творчая сустрэча “Свята мовы беларускай”. Вядучая расказала пра гісторыю паходжання гэтага свята, звярнула асаблівую ўвагу наведвальнікаў на кніжную выставу “Родная мова – крыніца натхнення”, якая раскрыла юным чытачам асаблівасці беларускай мовы і яе паходжання.
На сустрэчу быў запрошаны госць, творчы дзеяч Іван Дарашэнка. Іван расказаў пра сябе, пра значэнне роднай мовы ў сваім жыцці. Падчас сустрэчы Іван абмяркоўваў з прысутнымі пытанні: З чаго пачаць, каб размаўляць па-беларуску? Як удасканаліць веды роднай мовы? Ці цікавыя ўрокі беларускай мовы ў школе? Ці ўсім вядома, што “Гары Потэр” перакладзены на беларускую мову?.. Выступленне госця цудоўна дапаўнілі музычныя кампазіцыі “Сталіца Палесся”, “На роднай мове”, словы і музыку да якіх склаў сам Іван Дарашэнка.
Напрыканцы мерапрыемства школьнікі прыйшлі да высновы, што наша родная мова для нас – самая прыгожая. Менавіта ў ёй захавалася гісторыя нашага народа, моц і прыгажосць беларускага слова.