
З 15 па 21 лютага да Міжнароднага дня роднай мовы ў бібліятэках ДУК “Пінская гарадская цэнтралізаваная бібліятэчная сістэма” пройдзе Тыдзень роднай мовы. Для сваіх наведвальнікаў бібліятэкары падрыхтавалі сустрэчы і акцыі па папулярызацыі беларускай мовы: лінгвістычныя конкурсы і моўныя гульні, пазнавальныя гадзіны, літаратурныя падарожжы і інш.
Гарадская цэнтральная бібліятэка для жыхароў горада правядзе літаратурную вечарыну “…І сэрца абпалена смагай радка” (да110-годдзя з дня нараджэння А. Куляшова) і пазнавальны літаратурны круіз “Мову родную, край свой любіце”.
У гарадской дзіцячай бібліятэцы імя Якуба Коласа адбудзецца творчая сустрэча беларускім блогерам Іванам Дарашэнка “Свята мовы беларускай”. Гэтая ж бібліятэка запрашае маленькіх пінчукоў прыняць удзел у лінгвістычнай гульні “Падарожжа ў родную мову”.
У бібілятэцы-філіяле №1 для карыстальнікаў усіх узростаў будзе арганізавана натхняльная акцыя “Гучы, роднае слова!”.
Бібілятэка-філіял №3 прапануе знаўцам беларускай мовы прыняць удзел у літаратурным караоке “Кожнае слова кранае душу”.
Усіх жадаючых запрашаюць на літаратурную сустрэчу “Вандроўка ў родную мову” супрацоўнікі бібілятэкі-філіяла №5.
Сярод наведвальнікаў бібілятэкі-філіяла №7 пройдзе цікавая і пазнавальная акцыя “Роднае, паэтычнае…”.
Таксама ў гарадскіх бібліятэках будуць арганізаваны разнастайныя кніжна-ілюстраваныя выставы, прысвечаныя Міжнароднаму дню роднай мовы. Супрацоўнікі бібліятэк запрашаюць усіх сваіх наведвальнікаў 21 лютага размаўляць на роднай беларускай мове.






























