
ВАЛЯНЦІН ПАЎЛАВІЧ ТАЎЛАЙ (8 лютага 1914, г. Баранавічы — 27 красавіка 1947) — беларускі паэт, літаратуразнаўца, дзеяч нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі.
Нарадзіўся Валянцін Паўлавіч Таўлай 8 лютага 1914 года ў горадзе Баранавічы Брэсцкай вобласці, ў сям’і чыгуначніка. Дзяцінства прайшло ў вёсцы Рудаўка на Слонімшчыне.
У 1925 годзе Валянцін Таўлай паступіў ў падрыхтоўчы клас Слонімскай настаўніцкай семінарыі, хутка стаў першым вучнем, але за нежаданне адмовіцца ад беларускай нацыянальнасці стыпендыя была знята, з-за беднасці прыйшлося пакінуць вучобу. У 1927–1929 гадах Валянцін Таўлай вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі, з якой быў выключаны як адзін з арганізатараў вучнёўскай забастоўкі.
У 1930—32 працаваў у Рэчыцы інструктарам райкама камсамола, у газеце «Звязда», вучыўся на газетным аддзяленні літфака БДУ. У снежні 1932 накіраваны на падпольную работу ў Заходнюю Беларусь. Адзін з рэдактараў «Беларускай газеты» і яе дадатку «Літаратурная старонка», у снежні 1933 адзін з арганізатараў Літаратурнага фронту сялянска-рабочых пісьменнікаў Заходняй Беларусі.
Пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР Валянцін Паўлавіч працаваў у лідскай раённай газеце “Уперад”, займаўся творчай працай, рыхтаваў да друку зборнік паэзіі. У гады Вялікай Айчыннай вайны быў сувязным, разведчыкам і кіраўніком навагрудскай сеткі спецгрупы «Буравеснік» партызанскага атрада імя Р.І. Катоўскага брыгады імя Ф.Э. Дзяржынскага Баранавіцкага партызанскага злучэння. Па заданні партызан у 1943 г. перабраўся ў Навагрудак, дзе загадваў аддзелам культуры Навагрудскай управы Саюза беларускай моладзі. Увосень 1943 г. В. Таўлай разам з бацькамі быў арыштаваны і некалькі тыдняў адседзеў у турме Ліды. На жаль, бацька і мачыха паэта загінулі ў Асвенцыме. Лёс не быў літасцівы і да твораў, напісаных у 1939–1941 гг. – усе яны разам з багатай бібліятэкай паэта былі знішчаны. Аднак талент не скарыўся перад нягодамі: В. Таўлай выступаў з патрыятычнымі вершамі ў партызанскім друку («Яго, бандыта, на прыцэл вазьмі!..», «Сон Гітлера», «Фраў Германія» і інш.), стварыў выдатныя творы інтымна-грамадзянскай лірыкі («Лісты з турмы», «Бацькава пісьмо», «Дзе ж ты, мілая» і інш.).
Пасля вызвалення Беларусі Валянцін Паўлавіч працаваў адказным сакратаром навагрудскай раённай газеты “Звязда”. У 1945–1947 гадах – старшы навуковы супрацоўнік і намеснік дырэктара Літаратурнага музея Янкі Купалы. Ён быў адным з першых даследчыкаў творчасці народнага паэта, правёў вялікую работу па збору яго спадчыны. У гэты час В. Таўлай шмат намаганняў прыкладаў для пошуку фотаздымкаў, кніг і іншых матэрыялаў аб народным паэце, вывучаў і апрацоўваў іх, выступаў як нарысіст, крытык, літаратуразнавец, перакладчык.
«Паэт са стажам» – так называў сябе Валянцін Таўлай. Яго першы верш быў надрукаваны ў віленскай рэвалюцыйнай газеце «Сіла працы» у 1928 г. У гэтым жа годзе сябрамі-гімназістамі была надрукавана на шапірографе паэма «Непераможныя». Вершы і паэмы з’яўляліся ў перыядычным друку, аднак першая кніга – зборнік паэзіі «Шляхі і краты» – выйшла пасля яго заўчаснай смерці пад назвай «Выбранае» ў 1947 г. Слава прыйшла да паэта пасля смерці: у другой палове ХХ ст. зборнікі паэзіі В. Таўлая выходзяць на беларускай, рускай мовах («Выбраныя творы» (1951, 1958), «Избранное» (Масква, 1952), «Вершы і паэмы» (1955, 1979), «Стихи и поэмы» (Масква, 1955), «Творы» (1961), «Валянцін Таўлай» (1967), «Пілую вершам краты» (1984), «Я с вами» (1988). Жыццю і творчасці паэта прысвечаны шэраг вершаў, артыкулаў, даследаванняў, кніг. У гонар Валянціна Таўлая названы вуліцы ў Баранавічах, Гродне, Лідзе, Маладзечне, у вёсках Слонімскага раёна.
Валянцін Паўлавіч Таўлай заўчасна, пасля доўгай і цяжкой хваробы памёр 27 красавіка 1947 года. Пахаваны на Вайсковых могілках г. Мінска.



































