
АЛЕСЬ САВІЦКІ (АЛЯКСАНДР АНУФРЫЕВІЧ; 8 студзеня 1924, Полацак — 5 кастрычніка 2015, Мінск) — беларускі пісьменнік,лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1970), Джяржаўнай прэміі Беларусі імя Якуба Коласа, кавалер ордэнаў “Знак Пашаны” і Францыска Скарыны.
Нарадзіўся ў сям’і рабочага. У 1939 годзе сям’я пераехала ў Гродна. З 1942 года – партызан атрада «Смерць фашызму», з 1943 года – камандзір падрыўной групы атрада «Бальшавік» брыгады імя Варашылава. У 1944–1945 гг. – у рабоча-сялянскай Чырвонай Арміі, удзельнічаў у вызваленні Літвы, Польшчы, у баях за ўзяцце Берліна. Быў тройчы паранены.
Пасля дэмабілізацыі (1945) працаваў у рэдакцыі полацкай газеты «Бальшавіцкі сцяг» (пазней «Сцяг камунізму»). У 1958 годзе скончыў Літаратурны інстытут у Маскве, у 1961 годзе – аспірантуру. У 1961–1962 гг. – загадчык рэдакцыі выдавецтва «Ураджай», у 1962–1969 гг. – навуковы сакратар Літаратурнага музея Якуба Коласа.
У 1969–1973 гг. загадваў сектарам мастацкай літаратуры аддзела культуры ЦК КПБ. З 1973 года на творчай рабоце.
Першае апавяданне «Рыбацкае шчасце» апублікаваў у 1948 годзе ў полацкай абласной газеце «Бальшавіцкі сцяг». Пісаў пераважна пра вайну, сучаснасць, жыццё моладзі ў пасляваенны час. Таксама ёсць творы для дзяцей.
Аўтар кніг апавяданняў, аповесцей «Кедры глядзяць на мора» (1960), «Пасля паводкі» (1962), «Белы гарлачык» (1965), «Самы высокі паверх» (1969), дакументальнай аповесці «След пракладае першы» (1971), «Белая знічка» (1984), раманаў «Жанчына» (1963), «Палын – зелле горкае» (1967), «Верай і праўдай» (1976), «Толькі аднойчы» (1979), «Зямля раскажа» (1980), «Літасці не чакай» (1982), «Памерці заўсёды паспееш» (1983), «Верасы» (1987), «Обаль» (1989), кнігі нарысаў «На посту у тишины» (1987), зборніка апавяданняў для дзяцей «Шкляная нітка» (1970). У 1982 годзе выйшлі «Выбраныя творы» ў 2 тамах.
Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны», Айчыннай вайны 1-й ступені, медалямі. Лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1970) за аповесць «Самы высокі паверх». З 1987 года – Ганаровы грамадзянін г. Полацка.
Памёр Аляксандр Ануфрыевіч 5 кастрычніка 2015 года.




































