6 СТУДЗЕНЯ — 60 ГАДОЎ З ДНЯ НАРАДЖЭННЯ АЛЕСЯ КАРЛЮКЕВІЧА

АЛЕСЬ (АЛЯКСАНДР МІКАЛАЕВІЧ) КАРЛЮКЕВІЧ (6 студзеня 1964, в. Зацітава Слабада, Пухавіцкі р-н, Мінская вобл.) — беларускі публіцыст, краязнаўца, літаратуразнаўца, лаўрэат прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” (2006) .

Нарадзіўся 6 студзеня 1964 г. у вёсцы Зацітава Слабада Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці. Бацька працаваў у калгасе, маці была настаўніцай малодшых класаў. Пачатковую школу скончыў у вёсцы, а сярэднюю — у Пухавічах. Любіў урокі беларускай літаратуры і гісторыі, зацікавіўся краязнаўчай дзейнасцю, пачаў пісаць у газеты.

У 1981–1995 гг. А. М. Карлюкевіч служыў ва Узброеных Сілах СССР і Рэспублікі Беларусь, звольніўся ў званні падпалкоўніка. У 1985 г. скончыў факультэт журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча, служыў у ваенных шматтыражках ва Узбекістане, Туркменістане, на Кубе, у мінскай газеце «Во славу Родины».

Пасля звальнення ў адстаўку А. М. Карлюкевіч працаваў у газетах «Культура» (1995), «Звязда» (1995–1998), «Чырвоная змена» (1998–2002), «Советская Белоруссия» (2002–2006). У 2002 г. скончыў Акадэмію ўпраўлення пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. У 2006–2011 гг. — дырэктар рэдакцыйна-выдавецкай установы «Літаратура і Мастацтва». Адначасова ў 2009–2011 гг. з’яўляўся галоўным рэдактарам газеты «Літаратура і мастацтва». Член Саюза пісьменнікаў Беларусі, член Саюза журналістаў Беларусі.

8 лістапада 2011 г. А. М. Карлюкевіч назначаны галоўным рэдактарам газеты «Звязда». Са снежня 2012 г. — дырэктар і галоўны рэдактар выдавецкага дома «Звязда». З 15 снежня 2016 г. заняў пасаду намесніка міністра інфармацыі. 28 верасня 2017 г. назначаны міністрам інфармацыі Рэспублікі Беларусь.

У 1994 г. выйшла першая кніга «Вяртанне… да Беларусі», якая атрымала высокую ацэнку крытыкаў. Выйшлі чарговыя кнігі «Літаратурная карта Пухаўшчыны» (1999), «Ігуменскі блакнот» (2005), «Зацітава Слабада» (2007), «Блонь» (2007), «Радзімазнаўства» (2010) і інш. Яго краязнаўчыя працы, заснаваныя на навукова-дакументальных і інфармацыйных крыніцах добра вядомы не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі. Падтрымлівае аўтараў у выданні гістарычных кніг. Пры яго непасрэдным ўдзеле выдадзена манаграфія брэсцкага гісторыка В. В. Мароза «Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны: нарысы гісторыі, археалогіі і культуры» (2018).

Разам з У. Ліхадзеевым і П. Якубовічам быў аўтарам праекта «У пошуках страчанага» на старонках газеты «СБ. Беларусь сегодня». Усе яны сталі лаўрэатамі прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «За духоўнае адраджэнне» (2006). У 2014 г. Алесь Карлюкевіч разам з Алесем Бадаком атрымалі прэмію «Звёзды Содружества» за серыю кніг «Созвучие сердец».

Аўтар літаратуразнаўчых і літаратурна-крытычных прац. Даследуе сучасную беларускую літаратуру і яе сувязі з туркменскай, узбекскай, рускай літаратурамі, прысутнасць беларускай літаратуры ў свеце. Выйшлі кнігі «Літаратурнае пабрацімства: Беларусь ― Туркменістан» (2016), «Урокі сяброўства. Беларуская літаратура ў свеце» (2017) і інш.

У творчасці Алеся Карлюкевіча яшчэ адна адметная грань — напісанне казак. Аўтар кніг для дзяцей «Прыгоды Максімкі на Бацькаўшчыне і ў розных краінах свету» (2014), «Як васількі на сваю крыўду забыліся» (2015), «Як Шубуршун мурашоў-чужынцаў выратаваў» (2016), «Шубуршун и его друзья» (2017) і інш.

Share Button
Яндекс.Метрика