4 СТУДЗЕНЯ – 55 ГАДОЎ З ДНЯ НАРАДЖЭННЯ АНАТОЛЯ БЕНЗЯРУКА

АНАТОЛЬ РАСЦІСЛАВАВІЧ БЕНЗЯРУК (нар. 4 студзеня 1969, в. Бастынь, Лунінецкі раён) — беларускі пісьменнік, журналіст, гісторык, краязнаўца, лаўрэат літаратурнай прэміі імя У. А. Калесніка і прэміі Брэсцкага фонду Т. Касцюшкі.

Нарадзіўся пісьменнік у сям’і настаўнікаў Расціслава Мацвеевіча і Вольгі Рыгораўны Бензярук. У 1971 г. яны пераехалі на радзіму бацькі ў вёску Азяты Жабінкаўскага раёна Брэсцкай вобласці, а з 1975 г. жывуць у г. Жабінцы. Анатоль пачынаў вучобу ў гарадской сярэдняй школе № 1, затым перайшоў у Азяцкую СШ, якую скончыў у 1986 г.

Пасля заканчэння школы паступіў на гістарычны факультэт Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Я. Купалы, які скончыў у 1994 г. Пасля першага курса два гады служыў у Савецкай арміі. Пасля трэцяга курса перавёўся на завочнае аддзяленне, уладкаваўся настаўнікам гісторыі ў Якаўчыцкую СШ Жабінкаўскага раёна.У 1996–1997 гг. малады гісторык задумаў і ажыццявіў на брэсцкім абласным тэлебачанні праект, прысвечаны гісторыі Брэстчыны, які выходзіў у прамым эфіры. У 1998 г. Анатолю Расціслававічу прапанавалі заняць пасаду спецыяліста і вядучага метадыста па ахове гісторыка-культурнай спадчыны аддзела культуры Жабінкаўскага райвыканкама. Дзесяць гадоў ён прысвяціў справе аховы даўніны.

За працы па краязнаўстве і ахове гісторыка-культурнай спадчыны А. Р. Бензярук узнагароджаны прэміяй Брэсцкага фонду Тадэвуша Касцюшкі (1996), Ганаровай граматай Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта (1998), Граматай Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь (2003).З 1985 г. публікаваў артыкулы ў жабінкаўскай раённай газеце «Сельская праўда», у абласных і рэспубліканскіх выданнях. У 2009 г. ён вырашыў сур’ёзна заняцца журналістыкай. Уладкаваўся загадчыкам аддзела пісьмаў і сацыяльных праблем жабінкаўскай «раёнкі». У красавіку 2009 г. паступіў у Інстытут журналістыкі БДУ, які скончыў у 2011 г. Галоўная тэма публікацый Анатоля Расціслававіча — гісторыя роднага краю.
З 2007 г.

А. Р. Бензярук — сябар Саюза пісьменнікаў Беларусі, а з 2012 г. — сябар Саюза журналістаў Беларусі. Аўтар і ўкладальнік кніг «Наш край — Жабінкаўшчына: дапаможнік па гісторыі Беларусі» (1996), «Памяць нашае зямлі: гісторыка-культурныя мясціны Жабінкаўскага раёна» (2002), «Касцюшкі-Сяхновіцкія: гісторыя старадаўняга роду» (2006), «Колодец памяти» (2006), «Сорак дарог» (2007; дзве апошнія ў суаўтарстве з бацькам), «Крупчыцы. 1794 год: падзеі і памяць роднай гісторыі» (2007), «Дарогамі роднага краю: турыстычныя маршруты Жабінкаўскага раёна» (2007), «Свята для сэрца: невялікія гісторыі для маленькіх беларусаў» (2009), «Мячы Грунвальда, альбо Дванаццаць абаронцаў караля» (2012). Адзін са стваральнікаў гісторыка-дакументальнай хронікі «Памяць. Жабінкаўскі раён» (1999). У 2018 г. пісьменнік выступіў складальнікам зборніка «Літаратурная прастора Брэстчыны», дзе аб’яднаны творы 58 аўтараў.За кнігу «Свята для сэрца» ў 2009 г. А. Р. Бензярук уганараваны літаратурнай прэміяй імя У. А. Калесніка Брэсцкага аблвыканкама ў намінацыі «Дзіцячая літаратура» і стаў лаўрэатам рэспубліканскага літаратурнага конкурсу «Лепшы твор 2009 года» ў галіне дзіцячай літаратуры (2010). Аповесць «Мячы Грунвальда, альбо Дванаццаць абаронцаў караля» ў лютым 2013 г. адзначана на Нацыянальным конкурсе «Мастацтва кнігі» дыпломам І ступені і ганаровым знакам «Залаты фаліянт» у намінацыі «Літфармат».

Пераможца абласнога конкурсу журналісцкага майстэрства на Брэстчыне ў намінацыі «Ахова гісторыка-культурнай спадчыны» (2011), дыпламант конкурсу «За актыўную творчую дзейнасць у Год кнігі» (2013). Улетку 2014 г. атрымаў званне «Ганаровы член Саюза пісьменнікаў Беларусі».

Share Button
Яндекс.Метрика