
Вісарыён Сьцяпанавіч Гарбук (24 лістапада 1913, в. Шкілякі Полацкага павету Віцебскай губэрні, цяпер Полацкі раён — 8 жніўня 1986, Пяцігорск, Расея) — беларускі празаік, паэт і перакладчык.
Нарадзіўся 24 лістапада 1913 г. у в. Шкілякі Полацкага раёна ў сялянскай сям’і. Пасля смерці бацькі ў 1917 г. жыў у дзядзькі Язэпа Ключонкі, настаўніка пачатковай школы. Гарбук скончыў школу сялянскай моладзі ў Чашніках і педтэхнікум у Лепелі.
Быў сакратаром камсамольскай ячэйкі пры Дварэцкім сельсавеце Чашніцкага раёна. З 1933 працаваў настаўнікам і вучыўся завочна, з 1935 стацыянарна на літаратурным факультэце Мінскага педагагічнага інстытута. Пісаў вершы, займаўся ў секцыі паэтаў-пачаткоўцаў пры СП БССР.
Арыштаваны 26.04.1936, асуджаны 13.07.1936 судовым ворганам за а/с агітацыю, к/р нацдэмаўскія вершы паводле арт. 72а КК БССР на 3 гады ППЛ. Зняволенне адбываў на Калыме. Вызвалены ў 1940. Рэабілітаваны ў 1961 годзе.
Працаваў настаўнікам у Мехаўскай школе (Гарадоцкі р-н). У 1941—46 служыў салдатам у складзе інжынерных войскаў Чырвонай Арміі. Ваяваў пад Масквой, у Беларусі, пад Варшавай, у Берліне.
Франтавая хвароба на 14 гадоў прыкавала Вісарыёна Сцяпанавіча да шпітальнага ложка. Жыў у Пяцігорску. Літаратурнай працай стала пачаў займацца ўжо цяжка хворым. Працаваў літаратурным кансультантам краявой газеты “Каўказская здраўніца”. Публікаваўся ў расійскім друку з 1957, у беларускім — з 1961. Першы зборнік апавяданняў выйшаў у 1963 у Мінску. Перакладаў на беларускую мову казкі народаў Паўночнага Каўказа. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1963. Заслужаны работнік культуры Беларусі (1979).
Памёр 8 жніўня 1986 г. у м. Пяцігорск Кабардзіна-Балкарскай АССР (зараз Расія).
Успаміны Вісарыёна Гарбука ва ўступе да кнігі нялагерных апавяданняў “Лицо в полоску” (Мінск, 1967).






























