22 мая – 80 год з дня нараджэння Міколы Федзюковіча

Мікола Федзюковіч (Мікалай Мікалаевіч Федзюковіч; 22 мая 1943, вёска Гутава, Драгічынскі раён, Брэсцкая вобласць — 8 студзеня 1997 г.) – беларускі паэт, перакладчык.

Мікалай Мікалаевіч Федзюковіч нарадзіўся 22 мая 1943 года ў вёсцы Гутава Драгічынскага раёна Брэсцкай вобласці ў сялянскай сям’і.

Пасля заканчэння ў 1960 годзе Гутаўскай сярэдняй школы Мікола Федзюковіч працаваў у калгасе, затым быў літсупрацоўнікам драгічынскай раённай газеты «Чырвоная зорка», фотакарэспандэнтам лунінецкай міжраённай газеты «Ленінскі шлях». У 1962–1965 гадах служыў у Савецкай арміі. У 1970 годзе скончыў аддзяленне паэзіі Літаратурнага інстытута імя А. М. Горкага ў Маскве. Жыў у Мінску, працаваў у выдавецтве «Народная асвета», у 1971–1973 гадах — у рэдакцыі газеты «Чырвоная змена», у 1975–1976 гадах — рэдактарам у рэдакцыі часопіса «Служба быту Беларусі», у 1979–1983 гадах — зноў у «Чырвонай змене». З 1993 года з’яўляўся літаратурным кансультантам газеты «Белорусская нива», кіраваў літаб’яднаннем пры «Чырвонай змене». Маладым творцам паэт дапамагаў усё сваё нядоўгае жыццё.

Першыя вершы Міколы Федзюковіча з’явіліся ў друку ў 1960 годзе ў лунінецкай газеце «Ленінскі шлях». У рэспубліканскім друку выступаў з 1964 года. Друкаваўся ў калектыўных зборніках «Слава Арміі Савецкай», «Сэрцам загадана», «Песня любові», «Дзень паэзіі».

Мікола Федзюковіч — член Саюза пісьменнікаў СССР з 1972 года. Аўтар паэтычных зборнікаў «Зямля — магніт» (1968), «Мілавіца» (1971), «Птушыны грай» (1976), «Макаў цвет» (1979). Выдаў у 1976 годзе ў маскоўскім выдавецтве «Маладая гвардыя» кнігу лірыкі «Птичье дерево». Лепшыя вершы ў яго тыя, дзе ён ідзе ад асабістых уражанняў, ад перажытага самім і прачулага. Рытмічна і інтанацыйна верш М. Федзюковіча не шаблонны. Наогул, гэта паэт высокай прафесійнай вывучкі. Чысцінёй пачуццяў, навізной успрыняцця навакольнага свету, свежасцю думкі і вобразнасцю хвалюе яго паэзія.

Акрамя вершаў, М. Федзюковіч пісаў нарысы і артыкулы пра вёску, яе працаўнікоў. Творы паэта перакладаліся на ўкраінскую, літоўскую і рускую мовы, а ён сам перакладаў з балгарскай, грузінскай, казахскай, кіргізскай, малдаўскай, рускай, таджыкскай, татарскай, украінскай, французскай моў.

Мікола Федзюковіч заўчасна памёр 8 студзеня 1997 года. Пахаваны на Паўночных могілках г. Мінска.

У апошнія гады жыцця Мікалай Мікалаевіч склаў новую кнігу вершаў пад назвай «Красадзён», але выдаць не паспеў. Пасля яго раптоўнай смерці рукапіс кнігі згубіўся. Пры ўдзеле ўдавы Алены Аляксандраўны і дзякуючы руплівасці Віктара Гардзея па застаўшыхся чарнавіках удалося аднавіць «Красадзён», — кнігу, якую выношваў у сваім сэрцы паэт. У 2009 годзе ў серыi «Беларуская паэзiя ХХ стагоддзя» выйшла кнiга вершаў і перакладаў М. Федзюковіча «Красадзён» (укладальнік В. Гардзей).

Share Button

Добавить комментарий

Яндекс.Метрика