9 сакавіка – 140 год з дня нараджэння Францішка Аляхновіча

Францішак Каралевіч Аляхновіч, Аляхновіч-Алекна (9 сакавіка 1883, Вільня — 3 сакавіка 1944, Вільня) — беларускі драматург, тэатральны дзеяч, публіцыст, празаік.

Яго аповесць «У капцюрох ГПУ» ёсць адным з ранніх твораў сусветнай літаратуры, які апісвае жыццё ў сталінскім канцэнтрацыйным лагеры непасрэдна з погляду арыштанта.

П’есы Францішка Аляхновіча актыўна ставіліся аматарскімі і паўпрафесійнымі калектывамі Беларусі, Латвіі, Чэхіі і найбольш трупай Уладзіслава Галубка. За плённую працу Францішка Аляхновіча на ніве тэатра яшчэ пры жыцці яму прысвоілі званне «бацькі найноўшай беларускай драматургіі».

У канцы студзеня 1910 года Францішак Аляхновіч разам з Ігнатам Буйніцкім і Аляксандрам Бурбісам рэжысіруе пастаноўку перакладзенай з украінскай мовы на беларускую аднаактавай п’есы Марка Крапіўніцкага «Па рэвізіі», адначасова выконваючы і ролю акцёра. Гэта быў першы беларускамоўны спектакль у Вільні. Ён меў сенсацыйны поспех.

Неўзабаве пасля гучнай тэатральнай пастаноўкі, рэдагуючы гумарыстычны тыднёвік «Perkunas», Францішак Аляхновіч надрукаваў залішне крамольны артыкул, праз які яго абвінавачваюць у «стремлении к ниспровержению существующего строя» і ў «возложении хулы на бесплотные силы небесные».

Віленскі перыяд тэатральнай дзейнасці 1916—1918 гадоў быў для Францішка Аляхновіча вельмі плённым. У пачатку 1916 года ў Вільні арганізоўвае тэатральны гурток Беларуская драматычная дружына, сіламі якога 15 кастрычніка 1916 года ставіцца беларускі спектакль паводле матываў «Хама» Элізы Ажэшкі. 26 снежня 1916 года ставіцца п’еса «На Антокалі». З гэтага часу спектаклі драматычнага гуртка становяцца рэгулярнымі, і аб ім пачынаюць гаварыць, як пра тэатр Францішка Аляхновіча.

Адкрываючы тэатральны сезон 1917 года, Аляхновіч бярэцца за напісанне п’ес, якія б адпавядалі запатрабаванням часу — уздыму нацыянальнай самасвядомасці. Аўтар стварае пяць п’ес: «Бутрым Няміра» (некаторыя крыніцы датуюць яе 1916 годам), «Базылішка», «У лясным гушчары», «Кветка-папараць» і «Калісь». Таксама піша шматлікія празаічныя творы, сярод якіх вылучаецца аповесць спавядальнага характару «Пісьмы да яе».

У гэты час Аляхновіч сутыкаецца з вялікімі матэрыяльнымі цяжкасцямі. Ратуючыся ад голаду, аўтар перабіраецца ў Чорны Бор пад Вільняй, дзе працуе настаўнікам у беларускім дзіцячым прытулку «Золак», які арганізавала «Беларускае таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны». Тут Францішак Аляхновіч стварыў дзве дзіцячыя п’есы: казку «У лясным гушчары» і інсцэніроўку паводле паэм Канстанцыі Буйло і Янкі Купалы «Папараць-кветка». Акрамя таго, ім была напісана тут п’еса «Калісь», з якой у творчасць аўтар увайшла тэма, не зусім для яго характэрная, — тэма рэвалюцыі.

У чэрвені 1918 года пераапрануты фурманам Францішак Аляхновіч накіроўваецца ў Менск, дзе ў гэты час актыўна працавала трупа Беларускага дзяржаўнага тэатра рэарганізаванага з закладзенага ў маі 1917 года Першага таварыства беларускай драмы і камедыі.

Для сваёй першай пастаноўкі ў Менску Аляхновіч абраў гістарычную драму «Бутрым Няміра», якая ўжо ішла ў Вільні і атрымала добрыя водгукі

Аляхновіч арганізоўвае ўласную трупу. У гэты ж год Францішак Аляхновіч ладзіць дзве прэм’еры паводле сваіх новых п’ес: камедыі «Чорт і баба» (1918) і трохактавай драме «Страхі жыцця» (1918), якая сведчыла аб звароце драматурга да новай для яго тэмы — тэмы інтэлігенцыі.

Праз недахоп сцэнічных кадраў увесну 1919 года Францішак Аляхновіч выязджае ў Вільню. Па сумяшчальніцтве выдае часопіс «Беларускае жыццё», супрацоўнічае з рэдакцыямі «Грамадзяніна» і «Руні». Аляхновіч знаходзіць сваю былую трупу і пачынае з ёю ставіць спектаклі, нават хоча арганізаваць дзяржаўны тэатр і ў Вільні, аднак савецка-польская вайна перашкодзіла ажыццяўленню яго намераў. У красавіку 1919 года палякі займаюць горад. З пачаткам уварвання Францішак Аляхновіч дапамагае Максіму Гарэцкаму, схаваўшы яго на сваёй кватэры на Маставой вуліцы. Пісьменнікі разважаюць наконт уцёкаў з Вільні, але вырашаюць застацца.

Нягледзячы на перашкоды акупацыі аўтар заканчвае п’есу «Дзядзька Якуб», дапрацоўвае камедыю «Птушка шчасця», друкуе вялікі артыкул «Тэатр на вёсцы», піша вершы і апавяданні. Новая п’еса «Дзядзька Якуб» друкуецца на старонках газеты «Беларускае жыццё», якая са снежня 1919 года будзе выдавацца ў Менску. Яшчэ паводле рукапісу ставіцца камедыя «Птушка шчасця», канчатковы варыянт якой быў зроблены драматургам у пачатку 1920 года, як і сцэнічны абразок «Лес шуміць» (паводле аднайменнага апавядання Уладзіміра Караленкі (руск.)бел.).

У другой палове лістапада 1919 года Францішак Аляхновіч і некаторыя артысты, якія працавалі ў Вільні, вяртаюцца ў заняты польскімі легіянерамі Менск. Ужо ў канцы гэтага месяца адбываецца сход Таварыства беларускай драмы і камедыі, на якім была прынята пастанова аб распачынанні працы. Такім чынам арганізаваўся Менскі гарадскі тэатр пад кіраўніцтвам Францішка Аляхновіча. Рэжысёрам быў зноў выбраны Фларыян Ждановіч. Гэты тэатр праіснаваў да жніўня 1920 года, а калі канчаткова ўсталявалася савецкая ўлада, то на яго аснове створаны Беларускі дзяржаўны тэатр (БДТ-1).

У сваёй манаграфіі аб нацыянальным тэатры Аляхновіч пісаў пра падтрымку яго трупы польскай уладай, напрыклад аб атрыманні субсідый, аднак у той жа час, акупацыйная адміністрацыя перашкаджала ставіць «Паўлінку» і «Раскіданае гняздо» Янкі Купалы, «Моднага шляхцюка» Каруся Каганца. Пад забаронай былі і п’есы Францішка Аляхновіча — «Калісь» і «Бутрым Няміра». У снежні 1919 года аўтар піша драму ў трох актах «Цені». Да менскага перыяду дзейнасці адносіцца таксама п’еса «Заручыны Паўлінкі».

Share Button

Добавить комментарий

Яндекс.Метрика