У гарадской дзіцячай бібліятэцы імя Я. Коласа на абанеменце старэйшых школьнікаў дзейнічае выстава адной кнігі “У палескай глушы”. 2023 год праходзіць пад знакам 100-гадовага юбілею выдання аповесці «У палескай глушы», якая паклала аснову стварэння аўтабіяграфічнай трылогіі Якуба Коласа “На ростанях”. У лістападзе 1921 года Я. Колас напісаў Я. Карскаму: “Цяпер пішу бытавую аповесць аб жыцці настаўніцтва і так званай сельскай інтэлігенцыі. Аповесць мае назву «У палескай глушы». Над гэтай часткай трылогіі ён працаваў у 1921—1922 гадах. Урыўкі з яе друкаваліся ў часопісах: «Вольны сцяг», Мінск, 1921, № 6(8) і «Адраджэнне», Мінск, 1922. Асобным выданнем аповесць упершыню выйшла ў Вільні ў 1923 г., а затым другім і трэцім выданнямі – у Мінску ў 1927 і 1928 гг. У канцы 1928 г. аповесць была выдадзена на харвацкай мове, у 1929 г. – на рускай, у 1950 г. – на польскай, а ў 1956 г. – на фінскай мове. Цікава, што сам Я. Колас вызначыў свой першы буйны празаічны твор як “апавяданне”, які па жанравай прыналежнасці ўяўляе сабой разгорнутую аповесць. У прадмове да першага выдання аповесці Я. Колас зазначыў, што думае пашырыць і паглыбіць выяўленне жыцця вясковай інтэлігенцыі і сялянства ў сваіх далейшых творах, якія павінны стаць працягам твора «У палескай глушы».


































