
Водгук Ладыга Алены Уладзіміраўны, бібліятэкара бібліятэкі-філіяла №5 на твор Уладзіміра Гаўрыловіча “Забранае шчасце”
Выпадкова мне ў рукі трапіў твор “Забранае шчасце” Уладзіміра Гаўрыловіча. Гэта першы раман трылогіі “Сэрца сваё не падманеш”. З першых радкоў я апынулася ў 30-х гадах мінулага стагоддзя. Менавіта ў гэты час адбываюцца падзеі ў творы на Палессі. Мне здалося, што я не чытала, а глядзела мастацкі фільм. Як яскрава і праўдзіва аўтар адлюстраваў атмасферу таго часу, жахі калектывізацыі.
Галоўны герой рамана — малады палешук Рыгор Расевіч. Бацька яго — стары хутаранец Іван Расевіч, і сам шмат працаваў на зямлі, і сына выхоўваў працалюбівым. Здавалася, што ўсё жыццё наперадзе для маладога хлопца.
Аднак для Рыгора Расевіча пачынаюцца першыя жыццёвыя выпрабаванні: закахаўся ў дзяўчыну з беднай сям’і — Верку Арцёмаву, якая адказала яму ўзаемнасцю, але бацька катэгарычна забараніў сыну браць яе за жонку. Хлопца хуценька ажанілі на дачцэ хутаранца-багацея, Ядзі, дзяўчыне хоць і добрай, але ж Рыгор яе не любіў. І вось перад намі трое не шчаслівых маладых. Рыгор сумуе па Верцы. Ядзя для яго агідна, нелюба. Верка крыўдзіцца на каханага за тое, што абяцаў зрабіць сваёю жонкай, а ўзяў другую. А Ядзя? Яна кахае свайго мужа, але ведае, што гэта не ўзаемна. Ад гэтага ёй горка і балюча.
Неўзабаве пачалася масавая калектывізацыя, раскулачванне. Колькі болю і жалю ў той час прыйшлося адчуць на сябе простым сялянам. Яны не разумелі чаму ў адно імгненне сталі ворагамі, бандзюкамі. Жылі па-Божаму, не цураліся працы, кавалак зямлі для іх быў найдаражэйшым багаццем.
І тут адбываецца трагедыя для людзей, якія жывуць у пераломны момант: новыя ўлады вырашаюць раскулачыць Расевічаў, як і многія іншыя хутаранскія сем’і.
На вачах Рыгора ў час раскулачвання накладвае на сябе рукі яго жонка, якая толькі што нарадзіла кволую дачку, а ён, паранены міліцыянерамі, аказваецца ў бальніцы. Праўда, хутка ўцякае з-пад варты і вяртаецца ў родныя мясціны. І разумее: ён цяпер тут чужы. Сям’ю вывезлі, хату перавезлі і ў ёй зрабілі сельсавет.
Шмат гора і пакут выпала на плечы герояў рамана. Сляды чалавечай несправядлівасці, пакінутасці на зямлі большалі, нарастала на вакольных хутарах людское гора. Усё гэта вельмі змястоўна апісаў пісьменнік. Прызнаюся, у час чытання, некалькі разоў наварочваліся слёзы. Аўтару ўдалося стварыць такія непаўторныя вобразы герояў, каторым мімаволі спачуваеш.
Аматары літаратурнай беларускай мовы таксама адтрымаюць задавальненне ад прачытанага твора. Кніга ўвабрала ў сябе ўсю прыгажосць роднай мовы. Адметнай рысай рамана з’яўляецца тое, што дыялог герояў вядзецца на дыялекце, але гэта зусім не перашкаджае чытанню.
Вялікі дзякуй пісьменніку за такі глыбока душэўны, хвалюючы твор. За магчымасць атрымаць асалоду ад чытання.






























