20 мая – 120 гадоў з дня нараджэння Язэпа Пушчы

Язэп Пушча (сапр. Іосіф Паўлавіч Плашчынскі; 20 мая 1902, в. Каралішчавічы, Менскі павет, Мінская губерня — 14 верасня 1964, Мінск) — беларускі паэт, крытык, перакладчык.

Нарадзіўся 20 мая 1902 года ў вёсцы Каралішчавічы, што на Міншчыне, у сям’і непісьменных сялян, якія ўсімі сіламі намагаліся даць адукацыю дзецям. Бацькі выгадавалі шасцёра дзяцей, якіх пазней лёс раскідаў па свеце. Дзеці рана далучаліся да працы: так, Іосіф у дванаццаць гадоў ужо мог касіць нароўні са старэйшымі. Ён быў пятым сынам у сям’і.

Вядома, што першапачаткова Язэп Пушча вучыўся ў народным вучылішчы ў Каралішчавічах, у 1915 годзе — у Мінскім вышэйшым пачатковым вучылішчы. Гады вучобы прыпалі на Першую сусветную вайну, дзве рэвалюцыі, грамадзянскую вайну. З 1918 года Іосіф Плашчынскі тры гады вучыўся ў Мінскім рэальным вучылішчы. У гэты час пасябраваў з беларускім паэтам Міхасём Чаротам, прачытаў першыя творы на беларускай мове — кнігу Янкі Купалы «Шляхам жыцця».

У 1923 годзе Язэп Пушча стаў адным з заснавальнікаў літаратурнага аб’яднання «Маладняк». У гэты час яго творчасць была напоўнена пафасам абнаўлення, радасці, святла, так званай маладнякоўскай «санцавейнасці».

Адукацыя дазволіла Пушчу працаваць інспектарам у аддзелах народнай асветы, а ў 1925 годзе — паступіць на педагагічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, адкуль праз два гады ён перавёўся ў Ленінград (цяпер Санкт-Пецярбург), дзе правучыўся яшчэ два курсы. Пераезд быў звязаны з канфліктам з калегамі па творчым цэху: не ўсе зразумелі і ўхвалілі яго выхад з «Маладняка» і пераход ва «Узвышша». Творы ўзвышэнскага перыяду характарызаваліся творчай арыгінальнасцю, пошукамі індывідуальнай вобразнасці, мадэрнісцкімі спробамі — рысамі, якімі ў канцы 1920-х гадоў асабліва абуралася вульгарызатарская літаратурная крытыка.

Творчасць Пушчы 1926—1927 гадоў не падобная да тэкстаў іншых аўтараў. У гарачай палеміцы з тагачаснымі крытыкамі ён адстойваў права аўтара на творчую індывідуальнасць. Гэта супрацьстаянне адлюстравалася ў паэме «Сады вятроў», у спрэчцы паэта-рамантыка Грыміцкага і празаіка-канфарміста Мярохі.

Паэзія ленінградскай пары пазначана заканамерным прыходам да буйной жанравай формы — паэмы, а таксама трагедыйнасцю, празорлівым прадчуваннем злому эпохі. Гэты тужлівы лейтматыў выражаны ў назвах цыкла «Чорная дарога», верша «Чорныя вораны», паэм «Цень Консула», «Крывавы год».

Пасля вяртання ў Мінск у 1929—1930 гадах Язэп Пушча ўладкаваўся стыль-рэдактарам Беларускага дзяржаўнага выдавецтва.

Праз год пасля вяртання на Радзіму паэт разам з Максімам Гарэцкім і Адамам Бабарэкам быў абвінавачаны ў антысавецкай агітацыі, ва ўдзеле ў неіснуючай арганізацыі «Саюз вызвалення Беларусі» і высланы на Урал, дзе працаваў бухгалтарам у саўгасе. Пасля заканчэння тэрміну высылкі, у 1937—1941 гадах, хаваючы сваё літаратурнае мінулае, пісьменнік працаваў дырэктарам школы на Мурамшчыне (Расія), выкладаў рускую літаратуру.

Толькі праз два гады пасля афіцыйнай рэабілітацыі Язэп Пушча наважыўся вярнуцца ў Мінск. Яго нанава прынялі ў Саюз пісьменнікаў, і ў 1960-я гады ён выдаў некалькі зборнікаў парадна-ўрачыстай, сонечнай паэзіі (у тым ліку для дзяцей).

Share Button

Добавить комментарий

Яндекс.Метрика