15 студзеня 95 гадоў з дня нараджэння Галіны Васілеўскай 

Галіна Ануфрыеўна Васілеўская (дзяв. Скрыпка-Банат; 15 студзеня 1927, Клічаў, Магілёўская вобласць — 6 кастрычніка 2017) — беларуская пісьменніца, публіцыст, аўтар твораў для дзяцей і юнацтва. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі (2011). Узнагароджана медалём, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.

Нарадзілася ў сям’і рабочага. З 1932 г. сям’я жыла ў Мінску. Да вайны Г. Васілеўская скончыла 6 класаў 9-й мінскай сярэдняй школы. У 1945 г. экстэрнам здала экзамены за дзесяцігодку. У 1950 г. скончыла аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта БДУ. Працавала радыёжурналістам (1950—1953), літаратурным супрацоўнікам часопіса «Сельская гаспадарка Беларусі» (1953—1959), рэдактарам аддзела часопіса «Работніца і сялянка» (1959—1977), рэдактарам аддзела нарыса (1977—1979), адказным сакратаром часопіса «Полымя» (1979—1982), дырэктарам бюро прапаганды мастацкай літаратуры (1982—1988).

Літаратурнай працай пачала займацца з 1953 г. Пісала нарысы, артыкулы. У 1959 г. апублікавала першае апавяданне «Блакітныя канверты». Аўтар твораў для дзяцей і юнацтва: дакументальна-мастацкая аповесць «Маланка ўначы» (1963), аповесць-хроніка «Бывай, Грушаўка!» (1978) — пра жыццё і ўдзел падлеткаў у барацьбе з нямецка-фашысцкімі захопнікамі ў акупаваным фашыстамі Мінску. Інтэрнацыянальнай дружбе дзяцей прысвечана аповесць «Я еду на вярблюдзе» (1970), напісаная пасля паездкі ў Егіпет.

Пра адзін год з жыцця беларуса Віталя Пятроўскага, самага юнага вынаходніка ў былым СССР, расказана ў аповесці «Крылы» (1987). Дзяцінству В. Харужай прысвечана аповесць «Што помніцца…» (1991). Творы пісьменніцы перакладаліся на армянскую, рускую мовы.

Share Button

Добавить комментарий

Яндекс.Метрика