27 кастрычніка 110 гадоў з дня нараджэння Міколы Лобана

Мікола (Мікалай Паўлавіч) Лобан (27 кастрычніка 1911, в. Чапліцы, Слуцкі павет, цяпер Слуцкі раён — 28 снежня 1984) — беларускі пісьменнік і мовазнавец. Кандыдат філалагічных навук. Заслужаны работнік культуры Беларусі, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя І. Мележа (1985)

Мікола Лобан  нарадзіўся 27 кастрычніка 1911 ў вёсцы Чапліцы ў сялянскай сям”і. У 1926 годзе скончыў сямігадовую школу ў Слуцку і стаў працаваць у роднай вёсцы паштальёнам і бібліятэкарам. Пасля заканчэння ў 1931 годзе слуцкіх двухгадовых педагагічных курсаў настаўнічаў у Слуцкім, Любанскім і Пухавіцкім раёнах. У 1939 годзе паступіў на філалагічны факультэт Кіеўскага ўніверсітэта, а праз год перавёўся ў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт.

З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны Мікалай Паўлавіч прасіўся на фронт, але яго прызналі непрыгодным да службы ў арміі. Тады ён прабраўся з Мінска да горада Волхаў у Ленінградскай вобласці і дамогся свайго: стаў салдатам, а праз некаторы час яго прызначылі камандзірам аддзялення. Выконваючы службовыя абавязкі, ён знаходзіў час, каб рабіць запісы ў дзённіку.

У адным з баёў на Волхаўскім фронце 27 верасня 1941 года Мікалай Паўлавіч быў паранены ў шыйны пазванок асколкам ручной гранаты. Санітарны цягнік, у якім яго адправілі ў тыл, 2 кастрычніка трапіў пад варожую бамбёжку. Ён цудам застаўся жывы, амаль тры месяцы лячыўся ў шпіталі ў Кіраве, а потым да 21 красавіка 1942 года – у Іркуцку. Па стану здароўя быў дэмабілізаваны, прыкладна год выкладаў рускую мову і літаратуру ў пасёлку Келераўка ў Казахстане, а ў 1945 годзе закончыў вучобу ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. У 1944 – 1967 гадах быў навуковым супрацоўнікам у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа Акадэміі навук Беларусі, у 1967 – 1968 гадах – загадчык рэдакцыі выдавецтва «Беларуская Савецкая Энцыклапедыя», потым да 1978 года – зноў у Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа: загадчык сектара, навуковы супрацоўнік.

Першае сваё апавяданне Мікола Лобан надрукаваў у 1930 годзе. Ён – аўтар аповесці «Іркуцянка» (1953), раманаў «На парозе будучыні» (1964), «Гарадок Устронь» (1970), «Шэметы» (1981), што склалі трылогію.

Літаратурны крытык Дзмітрый Бугаёў аднёс раман «Гарадок Устронь» «да самых значных твораў беларускай прозы шасцідзесятых – пачатку сямідзесятых гадоў» ХХ стагоддзя, а Міколу Лобана – да «сур’ёзнага, сталага майстра беларускай эпічнай прозы».

У 1984 годзе пабачыла свет кніга Міколы Лобана «Пяць раніц тыдня» (эсэ, асацыяцыі, артыкулы) – адно з лепшых выданняў у беларускай эсэістыцы. За гэту кнігу пісьменніку ў 1985 годзе пасмяротна была прысуджана Літаратурная прэмія імя Івана Мележа Саюза пісьменнікаў БССР. Разам з Эдзі Агняцвет Мікола Лобан пераклаў на беларускую мову аповесць Максіма Горкага «У людзях».

Мікола Лобан набыў вядомасць і як навуковец. Ён удзельнічаў у складанні «Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі» (1959), «Арфаграфічнага слоўніка» (з М.Р. Суднікам, 1948, 1961, 6-е выданне перапрацаванае і дапоўненае ў 1990), «Руска-беларускага слоўніка» (1953), «Беларускарускага слоўніка» (1962). З’яўляўся членам рэдакцыйнай калегіі выдання і рэдактар першага тома «Тлумачальнага слоўніка беларускай мовы» (1977) у пяці тамах, а таксама аўтарам праекта «Інструкцыі для ўкладальнікаў».

Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, медалямі, Ганаровымі граматамі Вярхоўнага Савета БССР.

Памёр  28 снежня 1984 года.

У памяць пра выдатнага пісьменніка і навукоўца Міколу Лобана адна з вуліц горада Слуцка названа яго імем.

Share Button

Добавить комментарий

Яндекс.Метрика