Міжрэгіянальная канферэнцыя “Коласаўскія адрасы радзімы: памятныя месцы, музеі, помнікі”

24 верасня ў гарадской дзіцячай бібліятэцы імя Я. Коласа прайшла міжрэгіянальная канферэнцыя “Коласаўскія адрасы радзімы: памятныя месцы, музеі, помнікі”, прысвечаная памяці Якуба Коласа. Удзел у ёй прынялі краяведы, настаўнікі беларускай мовы, аматары творчасці класіка. На сустрэчу завіталі навуковыя супрацоўнікі Мінскага дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа са сваёй літаратурна-краязнаўчай экспазіцыяй “Наперадзе многа дарог і шмат далячынь”. Госці расказалі пра дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Я. Коласа, прадставілі мультымедыйны праект 3-D рэканструкцыі даваеннага дома класіка. Мясцовы краявед Вячаслаў Ільянкоў прадставіў свае нататкі на тэму “Паштоўка Коласа: мара зноў пабываць у Пінску”. Супрацоўнікі бібліятэкі, у сваю чаргу, пазнаёмілі прысутных з музейнай экспазіцыяй бібліятэкі “Якуб Колас на Піншчыне”. Перад гасцямі выступіў мясцовы спявак і кампазітар В. Мяцельскі з песнямі “Радзіма” і “Песні жальбы”, пакладзенымі на словы вершаў Я. Коласа.

Прыемнай нечаканасцю было атрыманне падарункаў ад краяведа г. Лунінца Таццяны Канапацкай, унучкі Я. Коласа Веры Міцкевіч і дачкі Алеся Адамовіча Наталлі Шувагінай-Адамовіч. Музейны куточак бібліятэкі папоўніўся і сувенірамі ад супрацоўнікаў коласаўскага музея.

Завяршылася міжрэгіянальная канферэнцыя наведваннем народнага літаратурна-краязнаўчага музея Якуба Коласа ў вёсцы Пінкавічы.

Share Button

Добавить комментарий

Яндекс.Метрика