30 верасня 90 год з дня нараджэння Ніла Гілевіча

Гілевіч Ніл Сымонавіч (30 верасня 1931 г., в. Слабада Лагойскага раёна Мінскай вобласці – 29 сакавіка 2016 г., Мінск ) – паэт, перакладчык, фалькларыст, літаратуразнавец, драматург, Народны паэт Беларусі (1991). Член СП Беларусі з 1954. Заслужаны дзеяч навукі Беларусі (1980). Кандыдат філалагічных навук (1963), прафесар (1978). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі імя Янкі Купалы (1980; за кнігу паэзіі “У добрай згодзе” і перакладчыцкую дзейнасць). Брат М. Гіля.

Нарадзіўся 30 верасня 1931 г. у в. Слабада Лагойскага раёна Мінскай вобласці ў сялянскай сям’і, у якой было 10 дзяцей (двое з іх памерлі малымі). Бацька, Сямён Пятровіч, быў з беднякоў, рос сіратой. Пасля Кастрычніка стаў сельскім актывістам, уступіў у партыю, працяглы час знаходзіўся на нізавой савецкай рабоце. У час Вялікай Айчыннай вайны быў палітруком роты партызанскага атрада “Бальшавік” у Лагойскім раёне. Маці, Кацярына Мікалаеўна, працавала на гаспадарцы. Надзвычай каларытнай фігурай у радні Н. Гілевіча быў дзед па маці, Рулькевіч Мікалай Давыдавіч, слынны музыка, адмысловы садоўнік, кветкавод, заядлы галубятнік і варажбіт на картах. Абставіны вірлівага даваеннага жыцця, поўнага надзей і ў той жа час суровага драматызму, аказалі значны ўплыў на фарміраванне асобы Н. Гілевіча, яго грамадзянскіх і эстэтычных поглядаў.

У 1938 пачаў вучыцца ў Слабадской сямігадовай школе і да пачатку вайны скончыў тры класы. Пасля вызвалення пайшоў у пяты клас у суседнюю вёску Гайна. Адначасова з вучобай у школе працаваў калгасным паштальёнам (1945–47). Пасля заканчэння сямігодкі (1947) паступіў у Мінскае педагагічнае вучылішча, якое скончыў у 1951. Апошні год вучобы спалучаў з працай выкладчыка нямецкай мовы ў адной з мінскіх школ. Прага да ведаў неўзабаве прывяла Н. Гілевіча на філалагічны факультэт БДУ, дзе актыўна ўключыўся ў студэнцкае літаратурнае жыццё, плённа выступаў з вершамі ў перыядычным друку. Пасля заканчэння ўніверсітэта (1956) яму было прапанавана месца ў аспірантуры, якую ён скончыў у 1959. 3 1960 —выкладчык кафедры беларускай літаратуры БДУ. На працягу 1957–63 гг. навуковыя заняткі спалучаў з працай літаратурнага кансультанта ў рэспубліканскай газеце “Звязда”. 3 1968 — дацэнт, з 1978 — прафесар. У 1976–90 — член прэзідыума, у 1980–89 — першы сакратар праўлення СП БССР. 1981 — сакратар СП СССР. Галоўны рэдактар альманаха “Далягляды” (1975–1981). Член праўлення Усесаюзнага таварыства савецка-балгарскай дружбы (з 1987), старшыня Фонду славянскай пісьменнасці і славянскіх культур (з 1989), старшыня Таварыства беларускай мовы (з 1989; у 1990 — рэдактар яго бюлетэня “Наша слова”), старшыня таварыства “Беларусь — Балгарыя” (з 1991). 3 1985 — дэпутат Вярхоўнага Савета БССР (з 1990 — старшыня яго Пастаяннай камісіі па адукацыі, культуры і захаванні гістарычнай спадчыны). Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, Ганаровымі граматамі Вярхоўных Саветаў БССР, УССР і Літ. ССР, медалямі. За перакладчыцкую дзейнасць і прапаганду балгарскай літаратуры ўрад Балгарыі ўзнагародзіў Н. Гілевіча ордэнам Кірыла і Мяфодзія 1-й ступені, урад Югаславіі — ордэнам Югаслаўскай зоркі са стужкай. У 1986 ён стаў лаўрэатам Міжнароднай прэміі імя Хрыста Боцева за рэвалюцыйную паэзію і публіцыстыку.

Пісаць вершы Н. Гілевіч пачаў у дзевяцігадовым узросце. У друку ўпершыню выступіў у 1946 — у часопісе “Бярозка” быў змешчаны яго верш “Яблынька”. Ён аўтар шматлікіх арыгінальных кніг паэзіі. Яго талент ярка раскрыўся ў розных паэтычных родах і жанрах.

Ён з’яўляецца аўтарам рамана ў вершах “Родныя дзеці”, твора глыбока канцэптуальнага ў адчуванні складанасцей жыцця, а таксама першага ў беларускай паэзіі вянка санетаў (“Нарач”, 1964).

Многія яго лірычныя вершы паклалі на музыку беларускія кампазітары М. Алданаў, А. Багатыроў, Ул. Буднік, Я. Глебаў, Э. Зарыцкі, Л. Захлеўны, Я. Кузняцоў, I. Лучанок, М. Пятрэнка, Э. Ханок, Д. Смольскі, К. Цесакоў, Я. Цікоцкі, М. Чуркін і інш. Напісаў некалькі зборнікаў вершаў і паэм для дзяцей (“Сцяжок на мачце”, “Сіні домік, сіні дом”, “Зялёны востраў”, “Дождж-грыбасей”, “Загадкі” і інш.). Аўтар зборніка п’ес “Начлег на буслянцы”.

Актыўна выступаў у абарону нацыянальнай культуры, роднай мовы.
Шырокай вядомасцю карыстаюцца пераклады Н. Гілевіча з многіх славянскіх моў, асабліва з балгарскай і славенскай (у яго перакладзе выйшла некалькі анталагічных зборнікаў).

Памёр Ніл Сымонавіч Гілевіч 29 сакавіка 2016 г. у Мінску. Пахаваны на Кальварыйскіх могілках побач з магілай жонкі.

Share Button

Добавить комментарий

Яндекс.Метрика