27 жніўня 115 год з дня нараджэння Сяргея Новіка-Пяюна

Сяргей Новік-Пяюн (сапр.: Сяргей Міхайлавіч Новік 27 жніўня 1906 г., в. Лявонавічы, Слуцкі павет, Мінская губерня, цяпер Нясвіжскі раён, Мінская вобласць — 26 жніўня 1994 г., Мінск) — беларускі паэт, празаік.

Выкарыстоўваў таксама псеўданімы: Алесь Бярозка; С. Каліноўскі; Малады Дзядок; Сяргей Пяюн; С. Стапанчык; Н. Сяргееў; Od naszego morza; Dziecko Pomorza; Gіos Њwiecki; Krasnoludek; Krasnoludek z Borуw Tucholskich; Stary Dziadok; крыптанімы: Н.; С. Н.; С. П.; N..

У 1918—1924 гг. вучыўся ў Нясвіжскай гімназіі, прымаў удзел у скаўцкім руху; у 1925—1926 гг. на беларускіх настаўніцкіх курсах у Вільні. У 1926 г. стварыў у роднай вёсцы хор (з 1963 народны) і тэатр. Арганізаваў гурток ТБШ, беларускую бібліятэку і тайныя школы ў Лявонавічах і наваколлі, за што ў 1926 высланы польскімі ўладамі ў Свеце над Віслай. У 1927—1931 супрацоўнік віленскага часопісу для дзяцей «Заранка». Пасля вяртання ў родныя мясціны ў 1931 зноў арыштаваны і высланы пад нагляд паліцыі ў Слонім. Разам з жонкай Людмілай у 1938—1939 выдаваў польскамоўную газету «Gazeta Slonimska». Чарговы раз арыштаваны польскімі ўладамі ў сакавіку 1939 г.; зняволены ў турме ў Баранавічах. Вызвалены пасля прыходу Чырвонай Арміі. У 1939—1940 гг. працаваў у сістэме народнай адукацыі, потым дырэктарам Слонімскага раённага краязнаўчага музея. У чэрвені 1941 г. выратаваў экспанаты музея разам з І. Стаброўскім, схаваўшы іх на ўскраіне горада.

Падтрымліваў сувязі з партызанамі. У 1943 г. арыштаваны СД; адпраўлены ў лагер смерці Калдычэва. У 1944 г.  падчас расстрэлу групы вязняў (600 чалавек) паранены, прыкінуўся мёртвым, што яго і выратавала. Пасля вызвалення Слоніма працаваў дырэктарам Слонімскага гістарычна-краязнаўчага музея.

У 1944 г.  арыштаваны органамі НКДБ; У 1945 г. ваенным трыбуналам асуджаны за «здраду радзіме» на 10 гадоў пазбаўлення волі і адпраўлены на Калыму. Вызвалены і рэабілітаваны ў перыяд з 5.11.1958 г. да 18.12.1958 г. Асабовая справа С. Новіка-Пяюна. № П-5614 з фотаздымкам захоўваецца ў архіве УКДБ Гродзенскай вобл.

У 1959 вярнуўся ў Беларусь. Жыў у Слоніме, Нясвіжы; з 1960 — у Мінску. Член СП Беларусі (з 1984). Апошні з вядомых ягоных аўтографаў — кніга «Песні з-за кратаў» (1993), падпісаная ў красавіку 1994 года (за некалькі месяцаў да смерці) літаратару і адраджэнцу скаўтынгу на Беларусі Алегу Грушэцкаму.

Сяргей Новік-Пяюн пахаваны на могілках у в. Лявонавічы.

Дэбютаваў вершам «Не бядуй» у часопісе «Студэнцкая думка» (№ 4, 1925). Пісаў на беларускай, рускай, польскай мовах і на эсперанта. З 1960-х выступаў у беларускім рэспубліканскім друку. Аўтар зборнікаў вершаў «Заўсёды з песняй» (1984), «Песні з-за кратаў» (1993). Некаторыя песні на словы С. Новік-Пяюна лічацца народнымі, найбольш вядомыя з іх «Зорачкі» і «Над Шчарай» («Слонімскі вальс»).

У серыі «Беларускі музычны архіў» выйшаў музычны альбом «Дні лятуць. Песні з-за кратаў» прысвечаны 100-годдзю нараджэння С. Новіка-Пяюна.

Share Button

Добавить комментарий

Яндекс.Метрика