24 ліпеня 110 гадоў з дня нараджэння Анатоля Астрэйкі

Анатоль Астрэйка, сапр. Акім Пятровіч Астрэйка (24 ліпеня 1911, в. Пясочнае, цяпер у Капыльскім раёне — 23 жніўня 1978) — беларускі паэт, паэт-песеннік.

Нарадзіўся ў сялянскай сям’і. Скончыў двухгадовыя настаўніцкія курсы пры Мінскім беларускім педагагічным тэхнікуме (1930), вучыўся на літаратурным факультэце Мінскага вышэйшага педагагічнага інстытута (1932—1934).
З 1930 працаваў у газетах Полацка, Оршы, Горак, Мінска. Член Саюза пісьменнікаў

СССР з 1939. Падчас Вялікай Айчыннай вайны быў адказным сакратаром сатырычнай газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну». Двойчы (1942, 1943) накіроўваўся на акупіраваную тэрыторыю Беларусі.

У 1946-1948 гадах — старшыня Гродзенскага аддзялення СП БССР, у 1948—1953 — адказны сакратар часопіса «Вожык».

Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, «Знак Пашаны» і медалямі.

Вершы пачаў друкаваць у 1928 годзе. Першы зборнік вершаў «Слава жыццю» выдадзены ў 1940. Рукапіс другога зборніка «Квецень» згарэў у час вайны ў Мінску. У 1943 друкарня слуцкай падпольнай газеты «Народны мсцівец» выпусціла зборнік «Слуцкі пояс». У пасляваенныя гады выйшлі кнігі паэзіі «Крамлёўскія зоры» (1945), «Добры дзень» (1948), «Зямля мая» (1952), «Песня дружбы» (1956), «Бацька мой Нёман» (1961), «Сэрца насцеж» (1965), «Цвіціце, верасы» (1975), «Зямная Случчына» (1977), «Ураджай цяпла» (1978), «Памяць дарог» (1980), а таксама вершаваная казка «Елка» (1949) і паэма для дзяцей «Прыгоды дзеда Міхеда» (1956). Выдадзены Выбраныя творы ў 2 тамах (1970, 1981).

Перакладаў творы пісьменнікаў народаў СССР на беларускую мову.

Аўтар тэкстаў многіх беларускіх песень: «Ой бацька мой, Нёман», «Песня пра Заслонава», «Шаўковыя травы», «Песня мінаеўцаў».

Share Button

Добавить комментарий

Яндекс.Метрика