12 красавіка 480 гадоў з дня нараджэння Іпація Пацея

Іпацій Пацей, свецкае імя Адам Львовіч Пацей (12 красавіка 1541, сядзіба Ражанка Берасцейскага пав. Падляшскага ваяв. — 18 ліпеня 1613) — царкоўны і дзяржаўны дзеяч Рэчы Паспалітай, пісьменнік-палеміст.

Паходзіў з роду Пацеяў. Нарадзіўся на Берасцейшчыне ў шляхецкай сям’і. Бацька — Леў Пацей — вялікі пісар літоўскі часоў Жыгімонта Старога, займаў урад падскарбія вялікага літоўскага. Маці — Ганна Лазчанка — па сведчаннях сучаснікаў, вельмі адукаваная жанчына. Пачатковую адукацыю Іпацій Пацей атрымаў у Нясвіжскай пратэстанцкай школе, затым паступіў на факультэт свабодных мастацтваў Ягелонскага ўніверсітэта ў Кракаве.

Служыў пры двары Жыгімонта II Аўгуста да 1572 г. 3 1566 берасцейскі пісар земскі, у 1569 пасол на сойм. З 1580 – берасцейскі земскі суддзя, з 1588 берасцейскі кашталян і сенатар Рэчы Паспалітай. Каля 1590 г. выступіў ініцыятарам стварэння Берасцейскага брацтва, пры якім адчыняецца школа і шпіталь.

Пасля смерці жонкі ў 1593г. прыняў манаства пад імем Іпацій. I. Пацей дамогся, каб праваслаўны сабор 1594г. прыняў Саборную грамату, у якой былі вызначаны асноўныя мэты аб’яднання Праваслаўнай Царквы і Каталіцкага Касцёла. Восенню 1595 разам з  вялікай дэлегацыяй едзе да Папы Рымскага. На Берасцейскім саборы16-18 кастрычніка 1596г. адбылося падпісанне пагаднення – Берасцейская унія. 3 1599г. Іпацій Пацей – уніяцкі Мітрапаліт Кіеўскі і Усяе Русі.

Іпацій Пацей памёр 18 ліпеня 1613г. Пахаваны ва Уладзімірскім кафедральным саборы.

Аўтар палемічных твораў на старабеларускай і польскай мовах у абарону царкоўнай уніі: «Унія…» (1595), «Справядлівае апісанне ўчынкаў і справы сінодавае» (1597) і інш.

У публіцыстыцы І. Пацея ўздымаецца найвастрэйшая для яго часу праблема ўзаемадачыненняў паміж свецкай і духоўнай уладамі. На старонках твораў знайшла адлюстраванне праблема сацыяльнай дыферэнцыяцыі грамадства. I. Пацей выступіў у абарону ідэі грамадскага дыялога, паразумення станаў.

Share Button

Добавить комментарий

Яндекс.Метрика